29 снежня 2025, панядзелак, 2:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейская прапагандыстка зладзіла «разнос» Мядзведзеву

12
Расейская прапагандыстка зладзіла «разнос» Мядзведзеву
ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ

У РФ нарастаюць супярэчнасці нават паміж «ястрабамі».

У Расеі нарастаюць супярэчнасці нават паміж радыкальнымі прыхільнікамі вайны. Калі раней яны атакавалі тых, хто за мір, дык цяпер яшчэ і накідваюцца адзін на аднаго, піша «Салідарнасць».

Дзмітрыю Мядзведзеву прыляцела за наступныя радкі: «Расея вядзе баявую працу, імкнучыся максімальна захоўваць жыцці нашых вайскоўцаў і мірнага насельніцтва. Нашы ворагі не лічаць жыцці сваіх жаўнераў і цывільных грамадзян. І ў гэтым нашая велізарная маральная розніца з імі».

Прачытаўшы гэта, не вытрымала нават прапагандыстка Анастасія Кашаварава, у мінулым - памочніца старшыні Дзярждумы Вячаслава Валодзіна, якая цяпер выступае ў ролі ваенкара.

«Дзмітрый Анатольевіч, ды замаўчыце вы ўжо пра гэтую маральнасць. Няма яе... У чым маральнасць, калі ў нас на фронце ваюе хлопец без селязёнкі? У чым маральнасць, калі выплаты не прыходзяць? Калі целы не можам месяцамі забраць?», - напісала Анастасія Кашаварава.

На гэтым аўтарка допісу не спынілася: «У чым яна ваша маральнасць, калі непадрыхтаваных мабілізаваных кідаюць, як прынаду, каб дазнацца пра пазіцыі супраціўніка? У чым маральнасць, калі жонкам іх гавораць адкрыта, што іх мужы здохнуць?

У якасці ілюстрацыі «падвышанай маральнасці расейскіх уладаў» можна падаць гісторыю пажарнага з-пад Пензы Віктара Шышкіна, мабілізаванага, як паведамляе «Медыязона», нягледзячы на наяўнасць брані ад працы і чатырох дзяцей.

Жонка Шышкіна спрабавала аспрэчыць мабілізацыю мужа, але атрымала адмову: «Пасведчанне аб тым, што мы шматдзетная сям'я, нават глядзець ніхто не хацеў. Ніхто нічога не хацеў рабіць, бо там, за стужачкай, не іхнія ж людзі!.. З роты, дзе служыў мой муж, практычна нікога не могуць знайсці, на сувязь [з блізкімі] выходзяць адзінкі».

Але вернемся да Кашаваравай. Яна пацвярджае, што ў органах улады - адпіскі, гарачыя лініі не працуюць, а ў Галоўнай ваеннай пракуратуры мацюкаюцца на Сватаўскі і Крамянны кірунак, але ніхто нічога зрабіць не можа. І падсумоўвае: «У дачыненні да грамадзян сваёй краіны я бачу абыякавасць і жорсткасць».

На закуску Мядзведзеў атрымаў допіс: «спыняйце прагляд тэлевізара - там нуль ад рэальнасці». Пачуць такое ад прапагандысткі асабліва пікантна.

Аднак тэзы Кашаваравай у Крамлі праігнаравалі. Ужо пасля таго, як яе допіс быў апублікаваная, Пуцін зноў памянуў «высокія духоўна-маральныя арыенціры», якія нібыта з’яўляюцца «асновай нацыянальнай ідэнтычнасці Расеі».

Пакуль адны «ястрабы» спрабуюць рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, іншыя разносяць «праваднікоў пазітыўнага парадку дня» так, што пух і пёры ляцяць. Разборкі паміж фанатамі вайны - гэта індыкатар, які паказвае на тое, што справы ў Расеі ідуць усё горш і горш.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках