Лукашысты затрымалі цемнаскурага менчука і апублікавалі ягонае «пакаяннае» відэа пад песню «Забілі негра»
- 17.11.2022, 10:33
- 16,442
Расізм у дзеянні.
Неафіцыйны тэлеграм-канал ГУБАЗіК у сераду паведаміў аб затрыманні цемнаскурага менчука ў сувязі з удзелам у пратэстах. Яго адправілі на Акрэсціна. У сваёй публікацыі сілавікі ў здзеклівым тоне падкрэслівалі расавую прыналежнасць мужчыны.
Як паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна», менчука клічуць Вальтар Гома. Мяркуючы з ягоных сацыяльных сетак, ён вельмі даўно жыве і працуе ў Беларусі, у яго тут жонка і дзіця.
У «пакаянным» відэа хлопец, які валодае расейскай мовай як роднай, кажа, што ў 2020 годзе ўдзельнічаў у пратэстных маршах, «паддаўшыся на масавасць», скідаў відэа з маршай у тэлеграм-каналы. На ягоных здымках з пратэстаў, якія паказаў ГУБАЗіК, не бачна, каб ён выходзіў на праезную частку (звычайна менавіта за гэта на пратэстоўцаў заводзяць крымінальныя справы).
Са слоў сілавікоў, Вальтар Гома зараз адпраўлены адбываць адміністрацыйны арышт, але пасля арышту, «магчыма, выйдзе на волю».
Пры гэтым сілавікі ў сваёй публікацыі фактычна здзекуюцца з жыхара Менска ў сувязі з яго расавай прыналежнасцю, якую яны ўсяляк падкрэсліваюць.
«Гэты персанаж з каларытнай знешнасцю быў няўдзячны сваёй новай Радзіме», — піша ГУБАЗіК.
«Пакаяннае» відэа маладзёна сілавікі аздобілі мелодыяй з песні «Забілі негра». А сам відэафайл, загружаны на канал, мае здзеклівую назву «BLM» - адсылка да амерыканскага стыхійнага руху Black Live Matters і пратэстам супраць расізму.
Адкрыты расізм у публікацыі ГУБАЗіК падкрэслілі і ў сацсетках.
У Мінску за ўдзел у пратэстах затрыманы Вальтэр Гома — ГУБАЗіК апублікаваў «пакаяльнае відэа» з ім пад песню «Убили Негра»
— Viasna (@viasna96) November 16, 2022
Паводле іх, «дадзены персанаж з каларытнай знешнасцю аказаўся няўдзячны сваёй новай Радзіме і вырашыў выйсці на вулічныя маршы». pic.twitter.com/MvniYdYh1V