Мянчанку затрымалі за пратэсты з-за фота ў Tinder
7- 17.11.2022, 11:45
- 18,262
Ейную сяброўку схапілі на мяжы пры спробе выехаць з краіны.
У Менску сілавікі затрымалі 29-гадовую дзяўчыну за ўдзел у пратэстах. Нагодай сталі ейныя фатаграфіі ў Tinder, дзе яна падчас аднаго з пратэстных маршаў 2020 года стаіць на дарозе з бел-чырвона-белым сцягам. Як піша «Люстэрка», публікацыя аб затрыманні з'явілася ў адным з неафіцыйных тэлеграм-каналаў сілавікоў.
Паведамляецца, што дзяўчына працуе мэнэджэркай у лагістычнай кампаніі Trans Solutions. Сілавікі запэўніваюць, што нехта «зліў» яе фота з Tinder міліцыі, але праверыць гэта сцвярджэнне немагчыма.
З дзяўчынай знялі «пакаяннае» відэа, дзе яна пацвярджае свой удзел у пратэстах. Яна змешчаная ў ІЧУ, супраць яе распачалі крымінальную справу паводле арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).
Больш за тое, у тэлеграм-канале сілавікоў заявілі, што пасля затрымання мянчанкі дзве ейныя сяброўкі, з якімі яна хадзіла на маршы, паспрабавалі з'ехаць з Беларусі. Адной удалося выехаць у Турцыю, але другую 29-гадовую дзяўчыну затрымалі на мяжы з Польшчай. Са слоў сілавікоў, яна працуе адміністрацыйным памочнікам у нейкай міжнароднай арганізацыі.
