Лукашэнка расказаў пра сваю крыўду на праграмістаў
53- 17.11.2022, 12:38
- 31,648
«Мяцеж праграмістаў» не дае спакою дыктатару.
17 лістапада Аляксандр Лукашэнка абмяркоўваў з дырэктарам Парка высокіх тэхналогій Усеваладам Янчэўскім «перспектывы развіцця» ПВТ. Паводле ягоных слоў, надышў час вярнуцца да яго функцыянавання, піша сайт «Еўрарадыё».
«Не з пункту гледжання, хутчэй за ўсё, эканамічнага нават, колькі з пункту гледжання маральнага нейкага, можа быць, палітычнага, - цытуе словы Лукашэнкі праўладная газета - Скажам шчыра, успамінаючы 2020 год, той мяцеж, які быў навязаны нашаму народу… супрацоўнікі Парка высокіх тэхналогій праявілі сябе, мякка кажучы, не з лепшага боку. І, вядома, у грамадстве ў большасці сваёй прысутнічае нейкая насцярожанасць у гэтых дачыненнях».
Напраўду «насцярожанасць» прысутнічае не ў грамадстве, а ў Аляксандра Лукашэнкі. Праграмісты масава ўдзельнічалі ў пратэстах 2020-га, шмат іх трапіла пад рэпрэсіі, было вымушана з'ехаць за мяжу і працягваюць з'язджаць. І вось у такой сітуацыі Лукашэнка кажа, што «трэба ўсё ж такі парк паварочваць, каб ён працаваў перш за ўсё на краіну, і працаваў эфектыўна». Дзяржаўнаму бюджэту вельмі патрэбны грошы.