Вёску пад Гародняй атакуе ліс
3- 17.11.2022, 12:49
- 4,610
Жывёліна не баіцца нават сабак.
У Абухоўскім сельсавеце Гарадзенскага раёна вяскоўцаў другі месяц тэрарызуе ліс. Ад яго зубоў загінулі ўжо дзясяткі курэй, паведамляе мясцовая газета «Перспектыва».
На ліса ў рэдакцыю паскардзілася жыхарка вёскі Савалеўка. Паводле яе слоў, упершыню звера заўважылі ў пачатку кастрычніка. На ейны з братам надзел ён наведваўся ўжо некалькі разоў, нягледзячы на паўтараметровую агароджу, і перагрыз 15 курэй, некаторых забраў з сабой, некаторых закапаў.
Жанчына кажа, што тое самае і ў іншых суседзяў – ліс ходзіць да ўсіх па чарзе, не баіцца нават сабак. Курэй ён альбо душыць, альбо адгрызае ім галаву.
- Людзі сказалі, што ў вёсцы Плавы ў некаторых 30 курэй знішчыў, а ў Савалеўцы дык ужо і не ведаю колькі, - вохкае суразмоўніца.
Паводле ейных слоў, аднойчы ейны муж бачыў ліса проста каля двара, але набліжацца пабаяўся. Жанчына звярнулася да мясцовых улад.
У сельсавеце ў курсе праблемы, але, на думку старшыні, вінаватым у нападах на курэй можа быць не толькі ліс, але і іншыя звяры - тхары, ласкі. Старшыня патэлефанаваў паляўнічым - кажа, уся надзея на тое, што яны прыедуць на паляванне з сабакамі, тыя змогуць адшукаць ліса.
У таварыстве паляўнічых і рыбаловаў выданню расказалі, што зараз паляванне на лісаў дазволенае, але страляць бліжэй за 200 метраў ад дома нельга, і гэта можа стаць праблемай. Тым не менш пасля, ужо днямі, паляўнічыя прыехалі ў Савалеўку і правялі паляванне ў найбліжэйшым лесе. У выніку падстрэлілі двух лісаў. Але ж звычайна ў кожнай лісінай сям’і па 4-5 асобін, у наступныя выходныя паляўнічыя збіраюцца прадоўжыць.