У Беларусі бракуе больш за 8 тысяч медыкаў
13- 17.11.2022, 14:24
- 4,670
А ў Польшчу за год пераехала столькі, што выстарчыла б укамплектаваць усе шпіталі Берасцейшчыны.
Лякарні і паліклінікі Беларусі маюць патрэбу ў больш чым 8 тысячах медработнікаў. А за апошні год тысяча беларускіх лекараў працаўладкавалася ў Польшчы, паведамляе «Наша Ніва».
Як у рэгіёнах?
Са звестак з нацыянальных банкаў вакансій, у краіне шукаюць 4614 лекараў-спецыялістаў, 3607 медсясцёр, 2209 санітараў.
Менскім лякарням і паліклінікам бракуе 3506 работнікаў. Яны застаюцца без 1329 лекараў-спецыялістаў, 1514 медсясцёр і 663 санітараў.
Установам аховы здароўя Менскай вобласці патрабуюцца 1592 работнікі.
На Гомельшчыне бракуе 1325 лекараў, медсясцёр і санітараў, у Гарадзенскай вобласці - 1025. На Берасцейшчыне не стае 1022 медработнікаў.
На Віцебшчыне з медыцынскімі кадрамі лепш, але не нашмат. Бракуе 966 лекараў, медсясцёр і санітараў. Установы аховы здароўя Магілёўшчыны не ўкамплектаваныя 738 медработнікамі.
«За ўсімі гэтымі лічбамі стаяць чалавечае здароўе і жыцці»
На думку лекараў з Магілёўскай вобласці, тутэйшая «пазітыўная» статыстыка з медыцынскімі кадрамі ў параўнанні з іншымі рэгіёнам тлумачыцца яе аддаленасцю ад заходніх граніц краіны. Раней медыкі з'язджалі ў Расею, а цяпер там вайна і ахвотных няшмат, адзначаюць суразмоўцы.
З іх слоў, недахоп сямі сотняў медработнікаў адчувальны ў мясцовых лякарнях. Тутэйшы персанал не ўдаецца ўтрымаць падвышэннямі заробкаў, бо яны мізэрныя.
«Вялікі адток кадраў прызнаецца і чыноўнікамі. Медыкі вучаць мову і з'язджаюць», - кажа пра сітуацыю медык з Бабруйска.
«За ўсімі гэтымі лічбамі стаяць чалавечае здароўе і жыцці, - адзначае ён. - Хтосьці пазбаўлены магчымасці атрымаць медыцынскую дапамогу або атрымаць яе напоўніцу».
Некаторыя з суразмоўцаў звязваюць недахоп кадраў з падзеямі 2020 года. На пратэсты ў Менску і заходніх абласцях выходзіла больш медыкаў, якія пасля падаўлення пратэстаў змушаныя былі з'язджаць услед за ІТ-спецыялістамі. Акцэнтуюць увагу суразмоўцы і на іншыя акалічнасці.
«У Менску непаважлівае стаўленне да сябе доўга трываць не будуць, а з'едуць, нягледзячы на цяжкасці. Лекараў з'ехала шмат, многія з іх былі адзінкавыя прафесіяналы», - адзначае медык з Магілёўскай глыбінкі.
Развязанне праблемы са слоў Лукашэнкі: «Мы цябе рыхтавалі - адпрацуй 10 гадоў»
Чыноўнікі намагаюць, што па рэгіёнах укамплектаванасць кадрамі неаднародная. Найлепшая сітуацыя ў Берасцейскай і Гарадзенскай абласцях. Праблемы з кадрамі маюць лякарні Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Меншчыны і сталіцы. Але звесткі Дзяржаўнай службы занятасці сведчаць, што сітуацыя з медработнікамі ва ўсходніх рэгіёнах выглядае лепш.
Праблему недахопу медыкаў чыноўнікі спрабуюць развязаць павелічэннем бюджэтных месцаў у навучальных установах. Яны спадзяюцца выправіць сітуацыю захадамі па сацыяльнай падтрымцы спецыялістаў на месцах. Абяцаюць даваць ім жыллё.
Летась Лукашэнка навучаў кіраўніка Міністэрства аховы здароўя Дзмітрыя Піневіча, каб той падрыхтаваў прапанову аб абавязковай 10-гадовай адпрацоўцы па размеркаванні выпускнікамі медыцынскіх вучэльняў.
«Ты мне маеш унесці налета прапанову. Прыйшоў ва ўніверсітэт вучыцца - прыйшоў, скончыў. Мы цябе рыхтавалі - адпрацуй 10 гадоў. Нам трэба паставіць усе кропкі над «i», - патрабаваў Лукашэнка.
Ён абураўся, што медыкі выязджаюць за мяжу, а ўрады суседніх краін прывабліваюць беларусаў тым, што спрашчаюць працэдуры працаўладкавання.
Так, напрыклад, зрабіла Польшча. У ёй з 2021 года замежны медык можа працаваць па спецыяльнасці пяць гадоў, а за гэты час ён абавязаны здаць неабходныя іспыты, каб пацвердзіць кваліфікацыю для атрымання ліцэнзіі.
Сёлета міністр аховы здароўя Польшчы Адам Нядзельскі заявіў, што за апошні год у ягонай краіне працаўладкавалі тысячу беларускіх медыкаў.
Адток медыцынскіх кадраў спыніцца толькі тады, калі забароняць выезд з краіны ўвогуле, мяркуюць лекары. З іх слоў, ніякія чыноўніцкія ўмовы не дапамогуць. Сітуацыя з дэфіцытам медычнага персаналу чыноўнікаў не хвалюе.
«Яны заклапочаныя толькі тым, як самім утрымацца на плыву, - мяркуе медык з Гомеля. - Лячыцца ў лякарнях, дзе бракуе лекараў патрэбнага на момант хваробы ім профілю, яны не будуць. Аб праблеме ўспомняць толькі тады, калі скажуць, ці загадаюць яе заўважыць».