Расейцы запанікавалі праз «напады беспілотніка» на Крымскі энэргамост
4- 17.11.2022, 15:36
- 16,266
Прапагандысты таксама паведамілі аб выбухах у Белгародскай і Бранскай абласцях РФ.
У Расеі зноў заявілі аб «бавоўне». У Шабекіне Белгародскай вобласці мясцовыя ўлады паведамляюць аб нібыта абстрэле з «Градаў» і адной пацярпелай.
У той жа час у часова акупаваным Крыме пастанавілі не адставаць - і заявілі аб «атацы беспілотніка» на падстанцыю Крымскага энэргамоста «Кафа» ў Феадосіі.
Паведамленні аб «бавоўне» з'явіліся ў Telegram-каналах губернатара Белгародскай вобласці Вячаслава Гладкова і так званага дарадцы акупацыйнага «кіраўніка Крыма» Алега Кручкова.
«Абстрэл Шабекіна. Набоі «Града» трапілі ў прыватны жылы дом. Паводле папярэдняй інфармацыі ёсць адна пацярпелая. Дзяўчына ў цяжкім стане. Брыгады хуткай дапамогі дастаўляюць яе цяпер у лякарню. Усе аператыўныя службы выехалі на месца», - напісаў губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў.

Пры гэтым ні Гладкоў, ні мясцовыя расейскія паблікі не задаюцца пытаннем, а ці не звязаныя «плескачы» ў Шабекіне з запускамі набояў у бок украінскага Харкава.

«Бавоўна», па версіі мясцовых расейскіх уладаў, наведала і Бранскую вобласць: познім вечарам напярэдадні там паведамілі аб падрыве аўтамабіля з двума людзьмі ў 2 км ад мяжы з Украінай, адзін з іх 17 лістапада памёр у шпіталі.
«У выніку здарэння ў наваколлі сяла Азараўкі адзін з пацярпелых, на жаль, ад атрыманых ран памёр. Другі мужчына дастаўлены ў ЦРБ, дзе яму надаецца ўся неабходная медыцынская дапамога», - паведаміў губернатар Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз.
Другі пацярпелы, заявілі мясцовыя ўлады, застаецца ў цэнтральнай лякарні.
У Крыме пастанавілі таксама заявіць пра «атаку». Паводле версіі мясцовых гаўляйтэраў, невядомы беспілотнік паспрабаваў атакаваць электрападстанцыю ў часова акупаванай Феадосіі.
«Па падстанцыі «Кафа». Збіты беспілотнік. Абломкі ўпалі на тэрыторыі станцыі. Пашкоджанняў няма, энэргазабеспячэнне не парушанае», - напісаў так званы «дарадца кіраўніка Крыма» Алег Кручкоў.

Яго паведамленне тут жа падхапілі расейскія прапагандысты, якія ўдакладнілі, што падстанцыя на 220 кілавольт «Кафа» ў Феадосіі з'яўляецца адной з дзвюх падстанцый, якія забяспечваюць працу энэргамоста ў Крым.
«Падстанцыя «Кафа» з'яўляецца канчатковым пунктам падключэння трох кабельна-паветраных ліній энэргамоста ў Крым і асноўным размеркавальным тэрміналам, забяспечваючы разварот энэргасістэмы Крыма з поўначы на ўсход. Усяго пры стварэнні крымскага энэргамоста былі пабудаваныя дзве падстанцыі: «Тамань» (500 кілавольт) на Таманскім беразе і «Кафа» ў Крыме. Яна размешчаная каля Феадосіі ў 120 км ад Керчанскай пратокі», - дадалі прапагандысты.