Палітвязень Аляксандр Патапаў: Я баюся за сваё жыццё
12- 17.11.2022, 18:36
- 7,600
Нараджэнца Украіны суддзя Наталля Траццякова асудзіла да двух гадоў калоніі за абразу Лукашэнкі.
У судзе Віцебскага раёна 16 лістапада закончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да 68-гадовага жыхара в. Хатоля Віцебскага раёна – палітвязня нараджэнца Украіны Аляксандра Патапава. Мужчыну абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Вясна».
Судовы працэс вяла суддзя Наталля Траццякова, дзяржабвінаваўца – пракурор Барысенка.
Палітвязень Аляксандр Патапаў быў затрыманы міліцыяй 25 жніўня 2022 года і ўзяты пад варту паводле падазрэння ў абразе Лукашэнкі праз каментары ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі». Раней Аляксандра ўжо затрымлівалі ў межах адміністрацыйнай справы паводле арт. 19.11 КаАП, тады яму прызначылі штраф.
Цяпер Патапаў утрымліваецца ў Віцебскім абласным следчым ізалятары № 2 і мае патрэбу ў маральнай падтрымцы і матэрыяльнай дапамозе.
У першы дзень судовага працэсу было агучанае абвінавачанне. Нараджэнец Украіны жыве ў Беларусі з 1997 года. Пасля ранення і гібелі ва Украіне ад рук расейскіх вайскоўцаў ягонай дачкі Аксаны і пляменніцы, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі».
15 лістапада ў судзе прайшлі спрэчкі бакоў. Дзяржабвінаваўца запытаў пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Адвакатка настойвала на арышце, паколькі Патапаў прызнаў сваю віну і таки захад прадугледжаны санкцыямі артыкула 368 Крымінальнага кодэкса.
На чарговым судовым паседжанні Патапаў заявіў, што ўвесь час сябе дрэнна адчувае, адчувае цяжар у галаве, слабасць і вымушаны прымаць абязбольвальныя сродкі. Яму абяцалі абследаванне ў медыцынскім стацыянары, але апошнія 94 дні ён знаходзіўся ў жорсткіх умовах зняволення ў ШІЗА.
«Я баюся за сваё жыццё», – заявіў Патапаў суду.
Суд абвясціў перапынак і запытаў даведку пра стан здароўя абвінавачанага. Медык СІЗА № 2, якога выклікалі ў суд, паведаміў, што Аляксандру робіцца належная медыцынская дапамога і ён не мае патрэбы ў змяшчэнні ў стацыянар. Даведку далучылі да матэрыялаў справы.
Тым не менш гэта не паўплывала на пастанову суда: прызнаць Аляксандра Патапава вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.