Колькасць эмігравалых у Ізраіль расейцаў падскочыла на 400%
- 17.11.2022, 18:48
- 8,898
Узровень распаду СССР.
Вайна ва Украіне, масавая мабілізацыя і «закручванне гаек» унутры Расеі справакавалі хвалю эміграцыі з РФ, якой статыстыка не бачыла некалькі дзесяцігоддзяў.
Колькасць расейцаў, якія з'язджаюць у Ізраіль паводле праграмы рэпатрыяцыі габрэйскага насельніцтва, у 2022 годзе падскочыла больш чым на 400%, паведамляе Jerusalem Post са спасылкай на звесткі няўрадавай арганізацыі Ofek Israeli.
У адпаведнасці з ізраільскім заканадаўствам аб аліі (рэпартыяцыі) даказаць габрэйскія карані і атрымаць пашпарт з пачатку года змаглі 32494 выхадцы з Расеі.
Усплёск попыту ўзнік у сакавіку: у першы месяц вайны пашпарт Ізраіля атрымалі 3,34 тысячы грамадзянаў РФ супраць 736 у студзені і 743 у лютым.
За студзень – чэрвень у Ізраіль з'ехалі ўдвая больш расейцаў, чым за ўвесь мінулы год – 16,6 тысячы чалавек. За перыяд з ліпеня да сярэдзіны лістапада колькасць эмігравалых супастаўная – блізу 16 тысячаў.
«Гэта ўзровень часоў распаду СССР», – адзначаў у жніўні дэмограф Аляксей Ракша. Колькасць расейцаў, якія звярнуліся да працэдуры рэпатрыяцыі, на 120% большая, чым украінцаў, якія ўцякаюць ад вайны (14,5 тысячы, паводле звестак Ofek Israeli).
Усяго ж у Ізраіль з пачатку года паводле працэдуры рэпатрыяцыі прыбыла 61 тысяча чалавек – утрая больш, чым за той самы перыяд год таму. Акрамя выхадцаў з РФ і Украіны, ізраільскі пашпарт атрымалі 3,3 тысячы чалавек з Паўночнай Амерыкі, амаль 2 тысячы – з Францыі і 1,5 тысячы з Эфіопіі.