Камандзір баявой групы NATO паабяцаў разграміць РФ у выпадку нападу на краіны Балтыі
12- 17.11.2022, 19:15
- 14,860
Вайсковаму альянсу вядомая ступень боегатоўнасці расейскіх Узброеных сілаў і нават іхні распарадак дня.
Расейскія войскі будуць разбітыя, калі пачнуць атаку супраць краінаў Балтыі. Пра гэта заявіў камандзір баявой групы NATO ў Латвіі падпалкоўнік Джэсі ван Эйк агенцтву The Canadian Press.
У лагеры Адажы ў Латвіі больш за 1 200 салдатаў з 10 краінаў блоку трэніруюцца як адзіная баявая група. Падпалкоўнік Ван Эйк перакананы, што ягоныя войскі лепш падрыхтаваныя і больш дасведчаныя, чым патэнцыйны вораг. Першапачаткова ён гаварыў пра расейскае войска як пра адно з самых вялікіх і добра абсталяваных у свеце, аднак на фоне ваенных няўдачаў Расеі ва Украіне ягонае меркаванне змянілася.
«Першапачаткова было ўражанне, што расейцы будуць хутчэйшымі, але яны не справіліся з заяўленымі задачамі. Так што тэмпы гэтай аперацыі, калі яна адбудзецца, будуць залежаць ад таго, якія сілы расейцы на самай справе кінуць на нас», – мяркуе ван Эйк. Ён адзначыў, што NATO мае дакладную інфармацыю пра расейскія войскі па той бок латвійскай мяжы, якая знаходзіцца ўсяго за 200 кіламетраў ад лагеру Адажы. Вайсковаму альянсу вядомая ступень боегатоўнасці расейскіх Узброеных сілаў і нават іхні распарадак дня.
Вайна ва Украіне, мяркуе падпалкоўнік, знізіла ўзровень пагрозы для Латвіі. «Колькасць рэсурсаў, якія расейцы цяпер ўклалі ва Украіну і страчваюць там, хутка памяншае іхнюю здольнасць нешта зрабіць на гэтым тэатры», – сказаў ён. Латвійскае войска прыйшло да такой самай высновы, беручы пад увагу паслабленне расейскіх вайсковых базаў у найбліжэйшых рэгіёнах, напрыклад у Пскоўскай вобласці.
Аднак было б неабдумана зусім не браць да ўвагі вайскоўцаў па той бок мяжы, мяркуе ван Эйк. Паводле ягоных словаў, любыя будучыя дзеянні войска Расеі залежаць ад прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, і пагроза балтыйскім краінам застаецца рэальнай.