Чыгуначнікі паведамляюць аб звальненні аднаго з кіраўнікоў БЧ
3- 17.11.2022, 21:05
- 18,818
Напэўна, ён адказваў за планаванне вайсковых перавозак.
Першы намеснік начальніка службы таварнай работы і замежнай эканамічнай дзейнасці Беларускай чыгункі (службы "М") Аляксандр Яўсюк быў зняты з пасады і "ахвотна-прымусова" звольнены, паведаміў 17 лістапада тэлеграм-канал «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».
Паводле інфармацыі чыгуначнікаў, Яўсюка звольнілі яшчэ на мінулым тыдні.
- Абставіны звальнення хаваюцца, аднак вядома, што адзін з чарговых візітаў на даклад да начальніка чыгункі Марозава скончыўся адхіленнем яго ад выканання абавязкаў першага намесніка начальніка службы і перадачай гэтых паўнамоцтваў іншаму намесніку, - паведамляюць аўтары канала.
Паводле звестак «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», гэта не апошняе звальненне ў службе таварнай работы і замежнаэканамічнай дзейнасці: такія «чысткі» плануюцца і ў іншых службах Управы БЧ.
Нагадаем, апошнія тыдні Беларусь адпраўляе раскансэрваваную вайсковую тэхніку, у тым ліку танкі, са складоў свайго войска ў Расею. Як сцвярджаюць чыгуначнікі, за сем месяцаў з нашай краіны ў РФ вывезлі 65 тысяч тон баявых прыпасаў.
Паводле звестак «Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», за апошнія некалькі тыдняў з Беларусі ў Расею чыгункай з'ехалі мінімум 94 танкі Т-72А і ад 36 да 44 цяжкавікоў «Урал».