20 траўня 2024, панядзелак, 5:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гісторыі палітычных зняволеных Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік

1
Гісторыі палітычных зняволеных Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік
ДАР'Я ЛОСІК

Яны адважна змагаліся за свабоду сваіх мужоў і самі апынуліся за кратамі.

Жонка асуджанага да 15 гадоў калоніі палітвязня журналіста «Радыё Свабода» Ігара Лосіка Дар'я ўжо месяц утрымліваецца пад вартай. Яе затрымалі за інтэрв'ю пра мужа вясной 2022 года і зараз, паводле папярэдняй інфармацыі, абвінавачваюць у «спрыянні ў экстрэмісцкай дзейнасці». Вольгу, жонку палітвязня Арцёма Анішчука, які раней зазнаў катаванні ў магілёўскай калоніі і быў асуджаны паводле дзвюх крымінальных спраў, затрымалі 4 лістапада і змясцілі на Акрэсціна - яе арыштавалі за перасланыя з «экстрэмісцкіх» тэлеграм-каналаў паведамленні на 24 дні. Гэтыя дзве жанчыны адважна змагаліся за свабоду сваіх мужоў. «Вясна» расказвае гісторыі Вольгі Анішчук і Дар'і Лосік.

Затрымліваецца другі раз

Менчука Арцёма Анішчука асудзілі яшчэ з чатырма менчукамі 3 лютага 2021 года да двух гадоў калоніі за «пашкоджанне машыны» супрацоўніка ДВП Аляксандра Гейца. Яго адправілі адбываць тэрмін у магілёўскую калонію № 15, дзе ён зазнаваў катаванні і збіццё. Там на яго ціснулі і распачыналі крымінальную справу паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»). Каб спыніць гвалт і ціск, яму давялося праглынуць металічныя прадметы. Гэта выклікала вялікі грамадскі рэзананс - Арцёма перавялі ў бабруйскую калонію. Па фактах публікацый у СМІ ў дачыненні да Вольгі праводзілася праверка паводле артыкула «за паклёп» на начальніка калоніі № 15 Аляксея Лазарэнку.

Арцём павінен быў выйсці на волю ў канцы чэрвеня, адбыўшы поўнасцю тэрмін два гады, але яго зноў затрымалі і асудзілі паводле новай крымінальнай справе паводле арт. 369 КК за «абразу міліцыянта» ў закрытым тэлеграм-чаце, пакінутую яшчэ да затрымання. Арцёму засталося яшчэ блізу года зняволення. Свой тэрмін ён працягвае адбываць у бабруйскай калоніі.

Раней Вольгу ўжо затрымлівалі - 28 снежня мінулага года яе адпусцілі пасля допыту. Цяпер Вольгу затрымалі 4 лістапада і правялі ў яе дома ператрус. Потым ёй прызначылі 10 дзён арышту паводле арт. 19.11 КоАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў») за рэпост. Але 14 лістапада яна не выйшла на волю пасля «рышту - яе перазатрымалі паводле новага пратакола. Праўладныя тэлеграм-каналы пішуць, што Анішчук — «кандыдатка правесці Новы Год у ІЧУ, бо зафіксаваны дзясяткі рэпостаў». Таксама Вольга, як мяркуюць сілавікі, «нагнятала ўкідамі і фэйкамі сітуацыю вакол пенітэнцыярнай сістэмы, закідвала дзяржорганы надуманымі скаргамі».

16 лістапада ў судзе Заводскага раёна Менска суддзя Алена Капцэвіч прызначыла Вользе 14 дзён арышту.

«Калі даведаецца пра падтрымку мужа, то ёй будзе лягчэй пераносіць гэтае выпрабаванне»

- Вольга - чалавек з вялікім сэрцам і шчырай душой. Яна вельмі кахае Арцёма і таму натуральна, што рабіла ўсё магчымае для яго вызвалення. Вольга вельмі хвалявалася за Арцёма, а ён - за яе. Прасіў заўсёды праз лісты перадаць ёй прывітанні і вельмі радаваўся пустым мілым паштоўкам, якія мог бы адправіць сваёй жонцы.

На жаль, зараз нельга падтрымаць Вольгу асабіста, бо на Акрэсціна ўжо другі год не прымаюць перадачы і не перадаюць лісты, там знаходзіцца нават без асабістых сродкаў гігіены і зменнага адзення. Але можна падтрымаць Арцёма тэлеграмамі і лістамі з цёплымі словамі. Вольга заўсёды казала, што яна адчувае мужа нават на адлегласці. Калі яна даведаецца аб падтрымцы мужа, то ёй будзе лягчэй пераносіць гэта выпрабаванне, - распавядае знаёмая сям'і Дыяна.

Адрас для падтрымкі Арцёма:

ПК №2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1, Арцём Ігаравіч Анішчук

Затрыманая паво крымінальным артыкуле, галадала ў знак салідарнасці з мужам

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года - яшчэ перад «выбарамі» і масавымі пратэстамі ў Беларусі. З жонкай Дар'яй ён пазнаёміўся ў 2009 годзе - праз перапіску ва «Вконтакте». Ажаніліся яшчэ студэнтамі. У сям'і расце маленькая дачка Паўліна.

Калі ў снежні 2020 года Ігару Лосіку выставілі новае абвінавачанне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса - «падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках», то на знак пратэсту палітвязень абвясціў галадоўку, якую пратрымаў 42 дні. Дар'я на знак салідарнасці з мужам таксама абвясціла галадоўку.

14 снежня 2021 года Ігара Лосіка асудзілі да 15 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У чэрвені 2022 года Ігар быў этапаваны ў наваполацкую калонію № 1. Неўзабаве КДБ унёс Ігара ў спіс асоб, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасці». На маёмасць сям'і Лосікаў (у тым ліку на піяніна, бытавую тэхніку і мэблю) у ліпені 2022 года быў накладзены арышт.

Жонку палітвязня Ігара Лосіка Дар'ю затрымалі раніцай 18 кастрычніка. Сілавікі прыйшлі дадому да Лосікаў а 8-й раніцы, сама Дар'я з чатырохгадовай дачкой Паўлінай яшчэ спала. Са звестак праўладных тэлеграм-каналаў, Дар'ю Лосік абвінавачваюць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Які артыкул інкрымінуецца жонцы палітвязня, афіцыйна не паведамляецца.

28 лістапада будзе 13 гадоў з дня першага спаткання Лосікаў, а 30 лістапада Дар'і споўніцца 31 год. Яна не можа перапісвацца са сваім мужам, бо ў Беларусі забаронена перапіска паміж установамі пазбаўлення волі. Дома мужа і жонкі чакае іх маленькая дачка.

- Не хвалюйцеся моцна за мяне. Усё засталося гэтак жа, проста я зараз са зваротнага боку гэтага ўсяго. Абнімаю! - напісала Дар'я 27 кастрычніка з СІЗА.

«Яны свецяцца ад шчасця, калі кажуць сябар пра сябра»

Калега Ігара Наста Пілюгіна кажа, што Дар'яй у барацьбе за мужа кіравала каханне:

- Дар'я не магла кінуць Ігара ў бядзе. Яна казала, што толькі яна зможа лепш за ўсіх дапамагчы яму ў зняволенні, таму і змагалася за Ігара да апошняга. Лосікі амаль 13 гадоў разам, вельмі блізкія, у іх ёсць сапраўды вялікае каханне. Мне здаецца, Даша і Ігар нават адчуваюць адзін аднаго псіхалагічна на адлегласці. Да таго ж у іх ёсць маленькая Паўлінка, у якой забралі маму і тату. І Дар'я да апошняга хацела вярнуць тату іх доўгачаканай і ўлюбёнай дзяўчынцы.

Са слоў Насты, менавіта каханне і ўражвала яе ў Дар'і:

- Даша з Ігарам так кахаюць адзін аднаго. Па іх нават відаць, як яны свецяцца ад шчасця, калі думаюць ці гавораць адзін пра аднаго. Даша яшчэ вельмі мужная і адказная жонка. Калі яна была на волі, то не баялася нікога, бо каты забралі Ігара. Плюс яе ўменню мабілізавацца пры неабходнасці можна павучыцца. А яшчэ Даша файна кіруе аўто. Яна кіруе. Ва ўсім.

Падтрымайце палітвязняў мужа і жонку!

Дар'ю можна падтрымаць лістамі, пасылкамі, грашовымі пералічэннямі:

СІЗА-7, 224030, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, Лосік Дар'я Аляксандраўна.

Ігара можна падтрымаць тэлеграмамі і лістамі:

ВК №1, 211440, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8, Лосік Ігар Аляксандравіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках