Рэзалюцыя Еўрапарламента: Лукашэнка павінен паўстаць перад трыбуналам
55- 24.11.2022, 16:43
- 53,138
Брусэль падтрымаў беларускіх добраахвотнікаў і палітзняволеных.
24 лістапада на пленарным пасяджэнні ў Страсбургу Еўрапейскі парламент большасцю галасоў прыняў рэзалюцыю аб «рэпрэсіях, якія прадаўжаюцца ў Беларусі».
Еўрадэпутаты выступілі з асуджэннем шматлікіх парушэнняў правоў чалавека.
Многія палітычныя зняволеныя былі названыя па імёнах. У першую чаргу дэпутаты заклікаюць вызваліць кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага перад цырымоніяй уручэння Нобелеўскай прэміі міру.
Усяго ў рэзалюцыі ёсць імёны больш як 50 палітычных зняволеных. Асобным пунктам дэпутаты адзначылі прысуды паводле «справы Аўтуховіча».
Еўрапарламент рашуча асудзіў выкарыстанне беларускай тэрыторыі для агрэсіі ва Украіне і нагадаў Лукашэнку аб адказнасці.
«Лукашэнка і звязаныя з ім асобы ў роўнай ступені адказныя за вайсковыя злачынствы ва Украіне і павінны быць прыцягнутыя да адказнасці перад міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом», — гаворыцца ў рэзалюцыі.
«Еўрапейскі парламент выказвае сваю падтрымку палкам імя Каліноўскага і «Пагоня», якія падтрымліваюць Украіну ў яе абароне ад расейскай агрэсіўнай вайны, ухваляе пазіцыю беларускай дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў тым, што Беларусь павінная быць прызнаная акупаванай ці дэ-факта акупаванай тэрыторыяй, да іх закліку да неадкладнага вываду расейскіх войскаў з Беларусі і Украіны», - адзначаецца ў рэзалюцыі.