Губернатар Сахаліна прапанаваў жонкам мабілізаваных самім ехаць на Данбас
15- 28.11.2022, 20:12
- 11,480
Паводле ягоных слоў, там жонкі змогуць зразумець, у чым маюць патрэбу акупанты.
Жонкам і маткам мабілізаваных сахалінскіх вайскоўцаў прапанавалі адправіцца ў анэксаваную «Данецкую Народную Рэспубліку», каб самім зразумець, у чым маюць патрэбу вайскоўцы. Пра гэта расказаў кіраўнік Сахаліна Валерый Лімарэнка пасля сустрэчы з імі.
«У рэгіёне ствараецца грамадская група жонак і маці вайскоўцаў. Удзельніцы змогуць паводле чаргі адпраўляцца ў Данецкую Народную Рэспубліку. Гэта дазволіць даць дапамогу ад рэгіёна больш адрасна і эфектыўна» - напісаў Лімарэнка ў тэлеграм-канале. Выправы аплаціць "Едіная Росія".
У пятніцу, 25 лістапада, Крэмль паведаміў пра сустрэчу прэзідэнта Уладзіміра Пуціна з маткамі ды жонкамі мабілізаваных рэзэрвістаў. Большасць з іх выявіліся чыноўніцамі, дэпутаткамі, функцыянеркамі «Агульнарасейскага народнага фронту» ды іншых праўладных структур.
Пры гэтым улады праігнаравалі звароты ўдзельніц "Рады маці і жонак мабілізаваных" і "Камітэта салдацкіх маці". На наступны дзень пасля сустрэчы ў Нова-Агарове суполку «Рады маці і жонак», якія патрабавалі ад уладаў краіны вярнуць мабілізаваных вайскоўцаў дадому, заблакавалі ў VK. Пастанова прынятая на падставе патрабавання Генеральнай пракуратуры.
27 лістапада ў свята Дня маці «Фемінісцкі антываенны супраціў» ды ініцыятыўная група маці мабілізаваных і жаўнераў тэрміновай службы апублікавалі публічны ліст да чальцоў Рады Федэрацыі. Яны прасілі вывесці войскі з тэрыторыі Украіны, спыніць ваенныя дзеянні і адправіць вайскоўцаў дадому.
"Я, на жаль, не бачыў і таму не магу пракаментаваць", — пракаментаваў ліст прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.