Расейскі рубль упаў да мінімуму з ліпеня
4- 28.11.2022, 21:04
- 19,788
Гэта здарылася пасля падзення цаны расейскай нафты.
Расейскі рубль аднавіў зніжэнне на валютным рынку Маскоўскай біржы пасля «штылю», які працягваўся амаль два месяцы, піша The Moscow Times.
На таргах у панядзелак курс еўра ўпершыню з пачатку кастрычніка ўзняўся вышэй за 64 рублі, а даляр прабіў адзнаку 61 рубль на фоне падзення цаны нафты, якое не сціхае другі тыдзень.
З першага тыдня лістапада ф'ючэрсы на гатунак Brent патаннелі на 15% і ледзь не сышлі ніжэй за 80 даляраў за барэль на асцярозе глабальнай рэцэсіі ды навінах з Кітая, дзе выбух Covid-19 і локдаўн выклікалі наймацнейшую хвалю пратэстаў з паўстання на плошчы Т’аньаньмэнь.
Цана расейскай нафты Urals за той жа перыяд абрынулася амаль на 30%: у пятніцу, 25 лістапада, партыі з адпраўкай з Прыморска прадаваліся за 51,96 даляра - з амаль 40% збаўкай да Brent.
"Падзенне цаны нафты не пакінуў інвестарам варыянтаў", – кажа старшы трэйдар КК "Альфа-капітал" Уладзіслаў Сілаеў. У панядзелак курс еўра дасягаў 64,11 рубля - максімуму з 7 ліпеня, а даляр узнімаўся да адзнакі 61,1975, самай высокай амаль за тры тыдні.
Калі нафтавыя квоты замацуюцца на нізкіх узроўнях надоўга, гэта будзе "пакрысе скарачаць экспартны даход, вялікі аб'ём якога з'яўляецца ключавым чыннікам стабільнасці расейскай валюты", кажа эксперт БКС Дзмітрый Бабін.
Экспарцёры, якім ужо ў наступныя дні трэба апынуцца пад ударам новай хвалі еўрапейскіх санкцый, ужо часткова прытрымліваюць валюту, а для выплаты падаткаў ўважаюць за лепшае пазычаць рублі, мяркуе Ягор Сусін, кіраўнічы дырэктар ГПБ Private Banking: гэта магло б растлумачыць "стаянне" курсу каля 60 рублёў за даляр у апошнія месяцы.
На бягучым тыдні курс даляра можа працягнуць свой рост да адзнакі 62 рублі, а еўра дайсці да 65 рублёў, прагназуюць аналітыкі ПСБ.
У перспектыве расейскі рынак можа і зусім сутыкнуцца з дэфіцытам валюты, папярэджваюць аналітыкі Росбанка: прыток валютнага даходу ў еўрах устойліва скарачаецца, бо "Газпром" пастаўляе ў Еўропу адну дзясятую ад даваенных аб'ёмаў, а з 5 снежня ЕЗ уводзіць эмбарга на расейскую нафту, за якім будзе забарона нафтапрадуктаў (5 лютага).