У Сядзібе прэзідэнта Украіны назвалі галоўныя мэты візіту Зяленскага ў ЗША
1- 21.12.2022, 21:38
- 6,094
Адна з галоўных мэт - зброя, зброя і яшчэ раз зброя.
Візіт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША і ўзровень запланаваных сустрэч сведчаць аб высокай ступені даверу паміж краінамі. Пра гэта дарадца кіраўніка Сядзібы прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк паведаміў у пісьмовым каментары для Reuters, апублікаваным 21 снежня.
Візіт прэзідэнта Украіны, па-першае, пакажа, наколькі высокі ўзровень даверу паміж краінамі, цытуе Падаляка Reuters. Ён уважае выправу ўкраінскага лідэра ў ЗША адразу пасля наведвання самай гарачай мясціны распачатай Расеяй вайны - Бахмута Данецкай вобласці – за "ў найвышэйшай ступені сымбалічную" і "знакавую".
Па-другое, адзначаюць у АПУ, прыезд Зяленскага ў ЗША адпрэчыць спробы Расеі распаўсюджваць дэзінфармацыю аб тым, што стасункі паміж Амэрыкай і Украінай нібыта "ахалоджваюцца". На думку дарадцы кіраўніка АПУ, у той час як ЗША адназначна падтрымліваюць Украіну, РФ паказвае стасункі Злучаных Штатаў і Украіны далёкімі ад рэальнасці.
Трэці аспект візіту Зяленскага - магчымасць наўпрост растлумачыць амэрыканскай палітычнай эліце рэальную сітуацыю ва Украіне, маштаб распачатай Расеяй вайны і яе сапраўдны характар.
Расказаць, якая менавіта зброя патрэбная нашым героям, каб далей змагацца з расейскай агрэсіяй.
Чацвёртая мэта візіту, са слоў дарадцы кіраўніка АПУ - "зброя, зброя і яшчэ раз зброя". Зяленскі мае важную магчымасць асабіста растлумачыць, навошта Украіне патрэбны тыя або іншыя тыпы ўзбраенняў. У тым ліку, мяркуе Падаляк, размова падчас візіту будзе ісці пра панцырную тэхніку, найноўшыя сістэмы супрацьракетнай абароны і ракеты вялікай далёкасці.
Зяленскі растлумачыць суразмоўцам, чаму наданне Украіне такой зброі не прычыніцца да эскалацыі вайны, а моцна знізіць вайсковы патэнцыял Расеі, мяркуе Падаляк.
Дарадца кіраўніка Сядзібы прэзідэнта дадаў, што візіт Зяленскага актывізуе і аптымізуе ключавыя кірункі вайсковага супрацоўніцтва і мабілізуе двухпартыйную палітычную падтрымку.
Акрамя таго, выправа ўкраінскага прэзідэнта, як напісаў Падаляк для Reuters, больш выразна пакажа выяву будучыні, якая можа надысці, калі вайна не будзе скончаная на "правільных" умовах.