14 студзеня 2026, Серада, 1:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хвалебныя песні пра Лукашэнку складае ягоная нявестка

25
Хвалебныя песні пра Лукашэнку складае ягоная нявестка

Імітаваць «усенародную любоў» да дыктатара даводзіцца ягонай сям'і.

Аналітык Сяргей Чалы расказаў, хто такая паэтка Ганна Сялук – аўтарка мноства песняў на дзяржаўных канцэртах, піша «Салiдарнацсць».

Як адзначыў Сяргей Чалы ў праграме на Youtube, у жанры «карпаратыў для сілавікоў» Ганнай Сялук напісаныя песні для МУС, войска, МНС, а таксама гімн Генпракуратуры.

Пра саму паэтку, як сказаў аналітык, «вядома злачынна мала» – толькі імя Ганна Сялук. Пры гэтым з ёй няма ні відэа, ні фота. Адзінае інтэрв'ю паэтка дала скандальнай «Менскай праўдзе» з ілюстрацыяй у выглядзе самотнага мікрафона.

Чалы звярнуў увагу: нягледзячы на тое, што паэтка, паводле ейных словаў, пачала пісаць песні ўсяго два гады таму, яна змагла за гэты час дабрацца «да самай вяршыні прыдворных трубадураў».

Сярод яе апошніх песняў – «Ах, Аляксандр» і «Бульба дэнс». У кліпе апошняй выкарыстаная хроніка з Лукашэнкам, які збірае бульбу, на што, натуральна, павінен быць дазвол з самага верху.

Больш за тое, цяпер песню прасоўваюць з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу – напрыклад, паказваюць у кінатэатрах перад фільмамі.

Дык хто ж такая Ганна Сялук? Чалы звярнуў увагу на яе месца працы – ТАА «Музычная медыякампанія», дзе намесніцай дырэктара працуе Таццяна Кулакова, сталая спадарожніца Ганны Лукашэнкі, жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі. У сацсетках яна пісала пра «непублічную» сястру, у якой «супер-мега талент».

Ганна Сяргееўна Лукашэнка – скарочана Ганна Ся-лук, адзначыў аналітык. Акрамя таго, ятроўцы кіраўніка таксама 42 гады, як і паэтцы.

У інтэрв'ю Ганна Сялук згадала пра свайго дзядулю Цэханскага Віктара Іванавіча, які ў Вялікую Айчынную вайну пайшоў ваяваць сямнаццацігадовым хлопцам. Ён з'яўляецца дзядулем Ганны Лукашэнкі паводле матчынай лініі, адзначыў аналітык.

– Чарговы раз мы пераконваемся, што для імітацыі любві і падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі патрабуецца ўдзел людзей з самага блізкага кола самога Лукашэнкі.

Як Наталля Эйсмант і Зміцер Баскаў палявалі на стужачкі ў пратэставых дварах, імітуючы ўсенародны рух, так і вернападданніцкія песні складае ягоная ж нявестка, – сказаў на заканчэнне Чалы.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках