Над Белгарадскай вобласцю РФ рассыпаліся асвятляльныя бомбы
7- 3.12.2022, 12:42
- 14,016
Мясцовых жыхароў ахапіла паніка.
У ноч на суботу, 3 снежня, над Белгарадскай вобласцю РФ рассыпаліся асвятляльныя боепрыпасы. Перапалоханыя жыхары Шабекінскага раёна пачалі масава публікаваць кадры, падазраючы, што іх закідалі фосфарнымі бомбамі.
Аднак, паводле папярэдніх звестак, гэта была «Люстра», прызначаная для асвятлення вайскоўцамі мясцовасці ў цёмны час сутак. Вогненнае неба на Белгародшчыне – справа рук войска РФ.
«Як сцвярджаюць расейскія прапагандысты, з дапамогай асвятляльных снарадаў шукалі ўкраінскія ДРГ», – піша ў Тelegram ваенкар Андрэй Цапліенка.
Што насамрэч там адбывалася, пакрытае таямніцай. Тым часам у Белгарадзе рыхтуюцца да планавай праверкі ўсёй сістэмы апавяшчэння насельніцтва.
Паводле словаў уладаў, вулічныя гучнагаварыльнікі і электрамеханічныя сірэны будуць уключаць штодня паводле графіка з 2 снежня да 24 студзеня ў 14:30.
Для даведкі: «Люстры» часцей за ўсё ўжываюцца падчас баявых дзеянняў для асвятлення поля бою і могуць быць скарыстаныя для кантролю за вынікамі стральбы, асляплення назіральных пунктаў і разлікаў агнявых сродкаў ворага, а таксама арыентавання войскаў падчас бою шляхам падачы сігналаў.