Беларускі лекарка расказала, наколькі цытрусы абараняюць ад грыпу, каранавіруса і ВРВІ
2- 3.12.2022, 21:16
- 6,122
Кацярына Хомчанка дала некалькі карысных рэкамендацый.
Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Менскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Кацярына Хомчанка расказала аб тым, наколькі эфектыўныя цытрусы ад грыпу, каранавіруса і сэзонных ВРВІ.
Са слоў спецыялісткі, прыманне вітамінаў, у тым ліку ўжыванне ў ежу цытрусаў, з'яўляецца важнай часткай комплексу папярэджання рэспіраторных інфекцый. Аднак ёсць некалькі нюансаў.
Па-першае, не варта перабольшваць "проціпрастудныя" характарыстыкі лімонаў, апельсінаў ды іншых цытрусаў. Па-другое, той жа вітамін С, безумоўна, у вядомай ступені павялічвае ахоўныя ўласцівасці арганізма, аднак важна пільнавацца дозы. Па-трэцяе, трэба разумець, што ўмоўная аскарбінка не здольная абараніць чалавека ад грыпу, COVID-19, ВРВІ.
Кацярына Хомчанка падкрэслівае, што адзіным навукова даведзеным і абгрунтаваным сродкам прафілактыкі застаецца своечасовая імунізацыя.
Спецыялістка зазначае, што вакцынацыя патрэбная і людзям, якія пільнуюцца здаровага ладу жыцця, правільна харчуюцца, гартуюцца. Усё гэта, ясна, стымулюе ахоўныя ўласцівасці арганізма, аднак гэта не гарантуе поўнай бяспекі перад актыўнай цыркуляцыяй у навакольным асяроддзі вірусаў. Са слоў лекаркі, прышчэпка спрыяе фармаванню эфектыўнай абароны - выпрацоўцы антыцелаў, якія змагаюцца з вірусам у выпадку яго трапляння ў арганізм.
- Акрамя таго, вакцынацыя супраць грыпу на 25-30% зніжае колькасць хворых на іншыя ВРІ сярод прышчэпленых. Але, самае галоўнае, яна папярэджвае цяжкія і ўскладненыя формы грыпу, - адзначае лекарка.