13 лiпеня 2024, Субота, 13:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Захопленая сілай

7
Захопленая сілай
ПАЛІНА ШАРЭНДА-ПАНАСЮК

Гісторыя супраціўлення беларускай гераіні Паліны Шарэнды-Панасюк.

Папулярны чэшскі часопіс heroine.cz апублікаваў артыкул беларускай журналісткі Ірыны Халіп пра палітзняволеную і актывістку «Еўрапейскай Беларусі» Паліну Шарэнду-Панасюк.

Сайт Charter97.org прыводзіць пераклад артыкула на расейскую мову:

- Такіх, як Паліна Шарэнда-Панасюк, я ніколі не сустракала. Калі я сядзела ў турме КДБ, я думала аб тым, як выжыць. Паліна пра гэта не думае: яна адчайна супраціўляецца, нягледзячы на катаванні, здзекі і перспектыву не выйсці з турмы яшчэ доўга.

Адвагу беларускіх жанчын убачыў увесь свет у жніўні 2020 года, калі на мірныя пратэсты выходзілі сотні тысяч чалавек. Іх саджалі ў турмы, збівалі, прымушалі ўцякаць з краіны. Пратэсты працягваліся некалькі месяцаў. Пакуты тысяч беларусаў працягваюцца дагэтуль.

Паліна Шарэнда-Панасюк - адна з іх, але ў той жа час зусім іншая. Бо яна выйшла на пратэсты не ў 2020 годзе, а значна раней. Яе жыццё - гэта шматгадовы досвед супраціву, барацьбы з дыктатурай і безагляднай адвагі.

Паліна стала актывісткай апазіцыі яшчэ зусім маладой. Цяпер ёй 47 гадоў, і яе сталенне супала з пачаткам гісторыі незалежнай Беларусі. У гэтай юнай дзяржаве яна скончыла школу, затым універсітэт у Берасці, магістратуру ў Польшчы. Паліна - гісторык і палітолаг. Пакуль яна вучылася ва ўніверсітэце, у Беларусі прайшлі першыя прэзідэнцкія выбары (на жаль, яны ж сталіся і апошнімі - з тых часоў сумленных выбараў з падлікам галасоў у нашай краіне не было), і да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Калі Паліна атрымала ўніверсітэцкі дыплом, у Беларусі ўжо разганялі мітынгі апазіцыі і закрывалі незалежныя газеты, а Лукашэнка падпісваў пагадненне аб саюзнай дзяржаве з Расеяй. Свой выбар Паліна зрабіла неадкладна - узначаліла берасцейскае аддзяленне моладзевай апазіцыйнай арганізацыі «Малады фронт», потым удзельнічала ў стварэнні руху «Зубр», а ў 2009 годзе стала каардынатаркай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» у Берасцейскай вобласці.

У 2005 годзе ў «Малады фронт» прыйшоў юны бунтар Андрэй Шарэнда. Неўзабаве Андрэй і Паліна ажаніліся, нарадзілі двух сыноў - Славаміра і Стаха. Абодва марылі аб свабоднай Беларусі, якая ўступіць у Еўрапейскі Звяз і NATO. Разам змагаліся, разам ладзілі акцыі пратэсту ў Берасці. У 2019 годзе Паліна вылучылася ў дэпутаты. Яна цудоўна ведала, што ў Беларусі няма свабодных выбараў, а дэпутатаў не абіраюць грамадзяне, а зацвярджаюць кандыдатуры ў адміністрацыі Лукашэнкі. Але пастанавіла выкарыстоўваць легальныя магчымасці, якія дае выбарчая кампанія, для таго, каб казаць праўду ў эфіры дзяржаўнай тэлевізіі, свабодна сустракацца з людзьмі, даносіць да іх інфармацыю і пераконваць тых, хто баіцца, далучыцца да супраціўлення.

Патрэбную колькасць подпісаў для вылучэння Паліна сабрала за некалькі дзён: у Берасці яе добра ведаюць, паважаюць і называюць берасцейскай Жаннай д’Арк. Яе зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты, і адзін раз яна нават змагла прарвацца ў тэлеэфір. Яна ўзяла ў студыю бел-чырвона-белы сцяжок (нацыянальны сцяг Беларусі, які Лукашэнка яшчэ на пачатку свайго кіравання замяніў на савецкі чырвона-зялёны) і публічна назвала Лукашэнку дыктатарам. Канешне, яе неадкладна выключылі з кандыдатаў. Але праўдзівыя словы пра дыктатара ўжо прагучалі і распаўсюдзіліся на незалежных сайтах і сацыяльных сетках. Так што арышту Паліна чакала. Лукашэнка помслівы, гэта ведаюць усе. Ён не даруе тым, хто кінуў яму выклік. На кожнага натраўліваюць войска: міліцыю, КДБ, следчых, пракурораў, суддзяў. Па Паліну прыйшлі 3 студзеня 2021 года.

У той дзень яна была дома з малодшым сынам, чатырохгадовым Стахам. Муж Андрэй сядзеў у турме - яго арыштавалі ў канцы снежня 2020 года і адправілі адбываць адміністрацыйны арышт. Адчыняць дзверы Паліна адмовілася - на пытанне «хто там?» яны не адказалі, а проста ў грубай форме запатрабавалі неадкладна адчыніць. Маленькі Стах спалохаўся. І тады міліцыянеры проста зламалі дзверы. Гэта былі супрацоўнікі спецпадраздзялення - у чорнай форме без апазнавальных знакаў, у балаклавах з цалкам закрытымі тварамі. Гэта мог быць хто заўгодна - сілавікі, рабаўнікі, забойцы, КДБ. Дзіця заплакала. Паліна сарвала балаклаву з аднаго з тых, хто ўварваўся. Яе павезлі сілай. Дадому яна з таго часу не вярталася.

Спачатку Паліну трымалі ў следчым ізалятары. Калі ёй выставілі абвінавачанне (паводле трох артыкулаў крымінальнага кодэкса - абраза Лукашэнкі, абраза прадстаўніка ўлады, гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады), яна замест подпісу «з абвінавачаннем азнаёмленая. Паліна Шарэнда-Панасюк» напісала на тым лісце: «Пацвярджаю факт палітычных рэпрэсій». Пасля яе вазілі на псіхіятрычную экспэртызу. Следчыя не разумелі: хіба можа нармальны чалавек супраціўляцца ў турме? Ён павінен думаць аб выжыванні і стварэнні хаця б мінімальна камфортных умоў. Але не такая Паліна.

Яе дыялог з суддзёй падчас працэсу калі-небудзь увойдзе ў падручнікі гісторыі новай Беларусі і напэўна стане асновай для п'есы. Зрэшты, ужо цяпер гэты дыялог прагучаў у выкананні актораў Naivní divadlo v Liberci, Divadlo Na tahu a Nejhodnější medvídci. Divadlo X10 - у рамках чэшскай кампаніі салідарнасці #FreePalina. Вось частка гэтага дыялогу:

- Абвінавачаная, устаньце!

- Перад бандытамі не ўстаю.

- З якога дня пад вартай?

- Захопленая ў палон 3 студзеня.

- Хочаце заявіць адвод складу суда?

- Вы не суд.

- Вы заяўляеце мне адвод?

- Заяўляю ўсёй сістэме.

- Вы прызнаеце віну?

- А вы прызнаеце, што ўдзельнічаеце ў палітычных рэпрэсіях?

- Пытанні суду не задаюць. Вінаватай сябе не прызнаеце?

- Даць адпор бандыту - гонар і абавязак грамадзяніна.

- Абвінавачаная, ці ёсць пытанні?

- Вам не сорамна?

- Пытанне здымаецца.

- Сумленне ёсць?

- Пытанне здымаецца.

Паліну прысудзілі да двух гадоў пазбаўлення волі. У папраўчай калоніі яе адразу ж змясцілі ў карцэр: Паліна адмовілася шыць форму для міліцыі (менавіта гэтым займаюцца зняволеныя жаночай калоніі №4 у Гомелі). Увосень мінулага года прайшоў яшчэ адзін суд, на якім Паліне дадалі да тэрміну яшчэ год турмы - за непадпарадкаванне адміністрацыі. Гэта артыкул крымінальнага кодэкса, які можа ўжывацца бясконца. У выпадку з Палінай - несумненна. У кастрычніку стала вядома, што на Паліну пачалі яшчэ адну крымінальную справу за непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі. Значыць, будзе новы турэмны тэрмін. У Беларусі ў пенітэнцыярнай сістэмы адна задача: зламаць чалавека, зрабіць яго бязвольным і паслухмяным. Да такіх, як Паліна Шарэнда-Панасюк, яны ўжываюць усе наяўныя метады: катаванні, пагрозы, новыя турэмныя тэрміны.

Цяпер яна ў іншай калоніі, з горшымі ўмовамі. Паліна знаходзіцца ў карцэры ўжо некалькі месяцаў. Гэта маленькая, вельмі халодная і вільготная камера без дзённага святла, са стала ўключанай лямпай. З 5 раніцы да 10 вечара Паліна павінна сядзець на маленькім жалезным зэдлічку. Усё астатняе забаронена: кнігі, лісты, пасылкі ад сваякоў, званкі дадому і спатканні. Гэта поўная ізаляцыя. Да яе не дапускаюць нават адваката - без тлумачэння прычын. Выйсці з гэтага пекла лёгка: трэба толькі прызнаць віну, падпісаць паперы аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй калоніі, пачаць шыць форму для карнікаў і быць гатовай выконваць загады. Тады будзе адносна нармальны рэжым, магчымасць карыстацца бібліятэкай і хадзіць у душ, шпацыры і пасылкі і нават званкі дадому.

Толькі тэлефанаваць ужо няма куды. Неўзабаве пасля арышту Паліны ў дачыненні да яе мужа Андрэя распачалі крымінальную справу і адправілі яго пад хатні арышт. Паліна паспела перадаць праз адваката просьбу - збегчы з краіны і везці дзяцей, інакш абодва бацькі апынуцца ў турме, а дзяцей адправяць у сіроцкі прытулак, і гэта будзе перамога Лукашэнкі над іх сям'ёй. І Андрэй знік - ён уцёк з-пад хатняга арышту, нелегальна перайшоў мяжу з Літвой, куды бацькі змаглі вывезці дзяцей. Цяпер дзеці і муж Паліны ў Літве, а арэндную кватэру, якую сям'я наймала ў мясцовай адміністрацыі, адабралі. Цяпер у Беларусі ў Паліны ні дома, ні сям'і. Толькі бясконцая мужнасць і вера ў перамогу дабра.

Неўзабаве два гады, як Паліна не бачыла сваіх дзяцей. Маленькаму Стаху ўжо 6. Спачатку ён бегаў па кватэры і шукаў маму. Цяпер ён усё ведае: маці вернецца толькі тады, калі сыдзе Лукашэнка. Дзеці беларускіх палітвязняў сталеюць хутка, як на вайне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках