Навукоўцы даведаліся, наколькі «стэлс-омікрон» больш заразны за звычайны
4- 1.02.2022, 16:36
- 7,932
Што трэба ведаць аб падвідзе новага штаму COVID-19.
Новая версія каранавіруснага омікрон-штаму – «стэлс-омікрон» BA.2 – распаўсюджваецца яшчэ хутчэй за першапачатковую. Тым часам з'яўляецца ўсё больш сведчанняў, што лёгкае захворванне, выкліканае «омікронам», не дае надзейнага імунітэту - а значыць, надзеі на «натуральны» канец пандэміі без рэвакцынацыі практычна няма, піша The bell.
У Нідэрландах, дзе дамінантным стаў падварыянт «омікрону» BA.2, выйшла (нецэнзаванае) даследаванне, якое паказвае на тое, што яго заразнасць на траціну вышэйшая і так вельмі заразнага «першага» штаму. Яно пацвярджае раннюю інфармацыю брытанскіх навукоўцаў.
Першая выснова, зробленая на матэрыяле з 8500 хатніх гаспадарак Нідэрландаў, палягае ў тым, што імавернасць заражэння сямейнікаў цягам тыдня ў BA.2 складае 39% супраць 29% у выпадку падварыянту BA.1.
Другая - што BA.2 лягчэй заражае вакцынаваных людзей, гэта значыць, лепш абыходзіць імунную ахову. Аднак даследнікі адзначаюць нюансы. Найбольшая трансмісіўнасць новага падварыянту адзначаная паміж невакцынаванымі людзьмі, што паказвае на тое, што ён дае падвышаную вірусную нагрузку на неабароненых носьбітаў. Імавернасць перадаць гэты падварыянт далей у вакцынаваных меншая.
Вакцыны застаюцца эфектыўнымі, падкрэсліваецца ў даследаванні: людзі з прышчэпкамі ўсё адно менш заражаліся абодвума падварыянтамі ў параўнанні з непрышчэпленымі. Інфармацыі аб тым, што BA.2 выклікае больш цяжкае цячэнне хваробы, няма, але даследчыкі асцерагаюцца яго паскоранага распаўсюджвання сярод невакцынаваных дзяцей.
Амаль адначасова даследнікі з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Сан-Францыска ўстанавілі, што нейтралізуючыя антыцелы, якія выпрацоўваюцца пасля «натуральнага» захворвання на омікрон, даюць толькі каля траціны аховы бустэрнай ін'екцыі. «Паказана, што імунітэт пры «омікроне» можа не прадухіляць заражэнне іншым, больш патагенным варыянтам, які можа з'явіцца ў будучыні, – пішуць даследчыкі. - Вынікі падкрэсліваюць важнасць арганізаванай рэвакцынацыі, бо некантраляванае заражэнне не гарантуе ахову».
Што трэба ведаць аб новым падварыянце
«Омікрон» BA.1 застаецца дамінантным у свеце, аднак відавочна, што ў BA.2 эвалюцыйная перавага. Гэта значыць, што сітуацыя зменіцца вельмі хутка. У Нідэрландах BA.2 цяпер выяўляецца ў 82% выпадкаў, але 50% было толькі ў сярэдзіне студзеня, а 20% - у снежні. Апошнія трэнды паказваюць, што ён распаўсюджваецца ў ЗША, Велікай Брытаніі, Індыі і ПАР.
Паводле звестак нідэрландскага Statens Serum Institut (SSI), генетычна BA.2 адрозніваецца ад BA.1 мацней, чым BA.1 ад першага варыянту «альфа». Гэта не дазваляе ідэнтыфікаваць яго як «омікрон» з дапамогай стандартнага ПЛР-тэсту, і стала падставай даць BA.2 мянушку «стэлс-омікрон».