20 траўня 2024, панядзелак, 5:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім чыноўнікам можа пагражаць пажыццёвае зняволенне за арганізацыю нелегальнай міграцыі

18
Беларускім чыноўнікам можа пагражаць пажыццёвае зняволенне за арганізацыю нелегальнай міграцыі

Польская пракуратура пачала расследаванне.

Ад 3 месяцаў да 25 гадоў пазбаўлення волі ці пажыццёвае зняволенне могуць атрымаць беларускія службовыя асобы, якія ўдзельнічалі ў дастаўцы мігрантаў на мяжу Беларусі, калі расследаванне польскай пракуратуры дакажа іхняе дачыненне да трафіку людзей па беларускай тэрыторыі, паведамляе «Белсат».

У раённай пракуратуры Варшавы пачалося расследаванне, якое можа даказаць, што міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі быў арганізаваны. Польская пракуратура распачала крымінальную справу ў тым ліку ў дачыненні да беларускіх службовых асобаў за арганізацыю нелегальнай міграцыі. У аснову справы ляглі паказанні грамадзянаў Сірыі, якіх затрымалі на мяжы ў верасні мінулага года.

Human Rights Watch апублікаваў даклад, у якім падрабязна апісаны шлях мігрантаў да беларускай мяжы. З аповедаў апытаных, турфірмы на Блізкім Усходзе праз сацсеткі рэкламавалі пакетныя туры ў Менск. У кошт «пакету» ўваходзіла віза, абавязковая страхоўка, трансфер да мяжы Беларусі. Кошт вагаўся ад 3 да 17 тысячаў даляраў. Тых, хто набываў такія пакетныя туры, сустракалі ў аэрапорце Менска агенты з аўтобусамі, развозілі людзей па гатэлях, дзе яны чакалі трансфер на мяжу. Кіроўца трансферу высаджваў пасажыраў у вызначаным месцы, ім выдавалі GPS-каардынаты пунктаў на мяжы, куды ім трэба было выйсці. Там іх сустракалі беларускія памежнікі, самі пераразалі калючы дрот ці паказвалі гатовы праход на польскую тэрыторыю.

40-гадовая курдская жанчына Авір з Сірыі расказала валанцёрам Human Rights Watch: «Яны [турагенты] увесь час паўтаралі, што ўсё будзе добра. Нас выкарыстоўвалі як галлё для вогнішча, а мы апошняе прадавалі ў надзеі на лепшае жыццё. Цяпер і вяртацца няма куды».

Такі прывабны шлях прывёў на мяжу Беларусі з ЕЗ некалькі тысячаў мігрантаў. Але простага пераходу не атрымалася. У выніку ў дакладзе Human Rights Watch пазначаныя мінімум 13 загінулых, некалькі польскіх жаўнераў атрымалі раненні.

«У рамках гэтай справы можна вылучыць тры асноўныя пытанні, якія мы аналізуем. Па-першае, гэта агрэсіўныя дзеянні супраць Польшчы і яе суверэнітэту. Па-другое, прааналізуем дзейнасць міжнароднай злачыннай групы, у якую ўвайшлі прадстаўнікі беларускіх спецслужбаў. Яны садзейнічалі працэсу нелегальнай міграцыі ў Польшчу і ажыццяўлялі сваю дзейнасць, у тым ліку, для ўзбагачэння. Таксама мы будзем аналізаваць удзел беларускіх публічных дзеячаў у арганізацыі нелегальнай міграцыі ў Польшчу і Еўразвяз», – растлумачыў прэс-сакратар Варшаўскай акруговай пракуратуры Лукаш Лапчынскі.

Калі падчас следства будзе даказана, што беларускія службовыя асобы маюць дачыненне да арганізацыі нелегальнай міграцыі, ім пагражае ад 3 месяцаў да пажыццёвага зняволення ў залежнасці ад артыкула і ступені ўдзелу. Але ці будуць рэальныя наступствы для чыноўнікаў з іншай дзяржавы?

«Безумоўна, міжнародныя механізмы ёсць. Па-першае, усім вядомы – вышук праз Інтэрпол. Цяпер для гэтага ёсць падставы: таму што ў паведамленні польскай пракуратуры сказана, што ёсць канкрэтныя падазроныя. І тое, што іхнія імёны не пазначаныя, магчыма, гэта якраз для таго, каб гэтыя асобы не мянялі планаў сваіх паездак», – расказаў юрыст Народнай антыкрызіснай управы Міхаіл Кірылюк.

Х’юман-трафік, або арганізацыя нелегальнай міграцыі – гэта міжнароднае злачынства, і Польшча мае права – і нават абавязаная – гэтае злачынства расследаваць і караць тых, хто мае дачыненне. Крымінальная справа распачатая, а гэта значыць, што любыя доказы дачынення беларускіх службовых асобаў да стварэння міграцыйнага крызісу на мяжы будуць узятыя да ўвагі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках