«Потым даведалася, што ў мяне на 95% пашкоджаныя лёгкія»
6- 21.02.2022, 17:44
- 19,830
Случчанка аб тым, як слуцкія лекары выцягвалі яе.
«Калі здараецца хвароба і людзі табе дапамагаюць выбрацца, іншымі вачыма глядзіш вакол, — сказала случчанка Алена Сурапіна «Кур'еру». — Хачу падзякаваць усім, хто дапамог мне падняцца на ногі, калі захварэла на каранавірус. Хто лячыў, хто падтрымліваў, дапамагаў. Лекарам, медсёстрам Слуцкай ЦРБ, якія працуюць у рэанімацыі, 1-м і 3-м інфекцыйных аддзяленнях. Родным, калегам і суседзям! Тата вельмі перажываў, хоць і сам хварэў у гэтыя дні на ковід.
Алена расказала, як ёй удалося акрыяць з 95% пашкоджання лёгкіх пры каранавірусе.
«Тэрмінова ў лякарню!»
«Захварэла я ў 10-х чыслах кастрычніка. У панядзелак была проста боль у горле, у чацвер з'явiўся кашаль. Лячылася сама. Тэмпература не спадала. У пятніцу пайшла на прыём, узялі мазок і сказалі прадаўжаць лячэнне як ад інфекцыі верхніх дыхальных шляхоў, - распавяла Алена. - У выходныя стала горш. Выклікала першую «хуткую», яны паглядзелі, але пакінулі дома. Я пратрымалася дзень, а лекары другой «хуткай» сказалі: «Тэрмінова ў лякарню». Лекары нада мной дзень сядзелі ў першай інфекцыі, а потым перавялі ў рэанімацыю.
Самы страшны ўспамін
Рэанімацыя - самы страшны ўспамін ад хваробы, прабыла там 11 дзён. Тут лік часу губляецца. Першыя два дні што было, не памятаю, у забыцці нейкім. Там кожны дзень адно і тое ж - уначы працуюць маніторы, святло гарыць. Удзень тое ж самае. У рэанімацыі лекары і сёстры змагаліся за мяне, я гэта адчувала: падыходзілі ўвесь час, кропельніцы ставілі, сачылі, як змяняецца стан. Дрэнна мне было, задыхалася, сэрца не спрацоўвала, дыхаць цяжка было. Увесь час была на кіслародзе, але да ШВЛ не падключалі. Кармілі праз кропельніцу. Прыкладна на 3-5 дзень, не скажу цяпер дакладна, сталі падбадзёрваць, што павінна старацца - дыхаць, есці, што ўсё будзе добра. Потым пачалі вяртаць да нармальнай ежы: лыжку ежы, порцыю кіслароду. Увесь час ляжала на жываце. Толькі ў апошні дзень дазволілі павярнуцца, каб праверыць, ці справіцца арганізм.
«Твараў нічыіх не бачыла»
Пра тое, што лёгкія пашкоджаныя на 95 адсоткаў, даведалася пазней, калі перавялі ў 3-е інфекцыйнае аддзяленне.
Спачатку ў кіслародную палату, потым у бескіслародную. Там вельмі добры персанал: і сёстры, і лекары. Твараў я нічыіх не бачыла, усе ў скафандрах, але ведаю, што лячыла Наталля Іосіфаўна Вышкоўская. Вялікая падзяка ёй і ўсім, хто там працуе!
«Дзякуй лекарам, што выцягнулі»
У лякарні я правяла практычна 25 дзён, потым лячылася дома, у снежні адправілі на аднаўленне ў «Загор'е». Ужо адтуль прыехала ў лепшым стане. Каранавірус - падступная хвароба. Адбіваецца на розных органах. Адчуваю, што памяць пагоршылася, захавалася здранцвенне ў пальцах, стамляюся хутка. Усё не так проста. Толькі напрыканцы снежня выйшла на працу. Аднаўляюся. Дзякуй лекарам, што выцягнулі!