20 траўня 2024, панядзелак, 5:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатар ЗША Джын Шагін: Мы бачым, як Лукашэнка прыніжаецца перад Пуціным

6
Сенатар ЗША Джын Шагін: Мы бачым, як Лукашэнка прыніжаецца перад Пуціным
ФОТА: БЕЛСАТ

Лукашэнка - марыянетка, і Пуцін цягне яго за нітачкі.

Сенатарка ЗША Джын Шагін у студыі «Белсату» пракаментавала падзеі апошніх дзён, між іншым, прызнанне Расеяй «ДНР» і «ЛНР», а таксама «рэферэндум» у Беларусі.

- Мы ведаем, што Крэмль наважыў прызнаць частку тэрыторыі Украіны незалежнымі дзяржавамі. Якой будзе рэакцыя Злучаных Штатаў на такія паводзіны?

- Неадкладнай рэакцыяй Злучаных Штатаў і большасці нашых хаўруснікаў на Захадзе было асуджэнне дзеянняў Пуціна і Расеі. Мы адразу ж заявілі, што ніякі бізнэс не павінен весціся ў гэтых дзвюх аддзеленых абласцях. Таксама мы працуем з нашымі хаўруснікамі над дадатковымі санкцыямі. Я была вельмі задаволеная, калі канцлер Нямеччыны абвясціў аб спыненні сертыфікацыі «Паўночнай плыні – 2», што з'яўляецца пагрозай энэргабяспекі ў Еўропе. Таму, я думаю, мы ўбачым сур'ёзныя санкцыі, калі Пуцін працягне свой наступ ва Украіну. Гэта доўжыцца ўжо восем гадоў, тысячы ўкраінцаў былі забітыя. І ўсё: Захад, Еўропа, Польшча, Літва, краіны Балтыі, NATO - павінны выступіць супраць таго, што адбываецца.

- Ці можна чакаць, што ў сувязі з паводзінамі Пуціна будуць задзейнічаныя наймацнейшыя санкцыі ў гісторыі, т. зв. «маці ўсіх санкцыяў»? Альбо для такога моцнага адказу яшчэ няма нагоды?

- Я думаю, адказ будзе ўсё мацнейшым. Мы сочым за тым, што Пуцін будзе рабіць далей. Некаторыя аналітыкі сцвярджаюць, што гэта толькі пачатак далейшага ўварвання ва Украіну.

- Як вы думаеце, чаму Крэмль наважыў пайсці на гэты крок менавіта цяпер? Можа таму, што адчувае, што наступствы ягоных учынкаў будуць вельмі невялікімі?

- Калі ён сапраўды так думае, то ён пралічыўся. І гэта вельмі іранічна, бо мы бачым, што ягоныя словы моцна разыходзяцца з дзеяннямі. Пуцін кажа, што NATO – гэта агрэсар, хаця мы ведаем, што гэта абарончы саюз. Пуцін кажа, што Украіна атакавала сепаратыстаў у аддзеленых абласцях, хаця мы ведаем, што гэта яго рук справа. І таму медыя, такія як гэта, вельмі важныя - бо ад Пуціна і Расеі зыходзіць дэзінфармацыя. Ён спрабуе хлусіць - свайму ўласнаму народу, народу Беларусі, народу Украіны - аб тым, што насамрэч адбываецца. І нам важна казаць праўду, асвятляць рэальныя факты.

- Пуцін сказаў, што гістарычная Расея - гэта ўся тэрыторыя СССР. Гэта апраўданыя асцярогі ў суседніх з Расеяй краін, асабліва ў тых, хто не з'яўляецца часткай NATO. Як і хто можа спыніць гэтую хвалю агрэсіі з боку Масквы?

- Вось чаму нам і нашым хаўруснікам - ЕЗ, NATO - вельмі важна выступаць супраць таго, што робіць Пуцін. Мы бачылі, што ён зрабіў у Грузіі ў 2008 - увайшоў і адабраў дзве вобласці, якія дагэтуль кантралююцца Расеяй, і людзі там не маюць свабод і магчымасцяў. Наступны крок - у 2014, ён забраў Крым і ўвайшоў на Данбас. Цяпер ён кажа, што збіраецца забраць Луганск і Данецк. І хто ведае, на чым ён спыніцца? Як усе дыктатары, ён разумее толькі мову сілы, і гэта адэкватны адказ на яе дзеянні. Мы таксама бачым, што Пуцін робіць у Беларусі - перакідваючы туды 30 000 вайскоўцаў, кажучы аб размяшчэнні на яе тэрыторыі ядзернай зброі. І гэты рэферэндум - ён заяўляе, што беларускі народ зможа на ім прагаласаваць, але мы ведаем, што гэтае галасаванне не будзе справядлівым і свабодным. Мы ведаем, што выбары ў Беларусі ладзяцца так, каб перамог Лукашэнка, а не народ.

- Ці можна казаць пра Беларусь сёння, пры рэжыме Лукашэнкі, як пра незалежную дзяржаву? Ці мы проста расейскі спадарожнік?

- На вялікі жаль, яна стала расейскім спадарожнікам. Мы бачым, як Лукашэнка прыніжаецца перад Пуціным у надзеі на чарговыя падачкі. Мы ведаем, што ён наўрад ці быў бы сёння ва ўладзе, калі б выбары 2020 года былі свабоднымі і справядлівымі. Пуцін выратаваў яго тады. Цяпер ён уводзіць войскі, і калі на пачатку Лукашэнка казаў, што спытае ў Пуціна, ці пакінуць яны краіну, то зараз размова пра гэта не ідзе, войскі застаюцца. Таму абсалютна відавочна, што Лукашэнка - марыянетка, і Уладзімір Пуцін цягне за яго нітачкі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках