4 чэрвеня 2024, aўторак, 8:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ліст ад беларусаў украінцам

22
Ліст ад беларусаў украінцам

Абараняючы Украіну загінуў беларускі добраахвотнік Ілля Літвін.

Буйное выданне «Украинская правда» апублікавала ліст беларусаў украінцам.

Цяпер у адрас усіх беларусаў ляцяць абразы і папрокі. За апошнія некалькі дзён з братоў мы ператвараемся ў ворагаў.

Так, зараз на вашы дамы ляцяць ракеты, запушчаныя ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі, але таксама ў вашых шэрагах змагаюцца дзясяткі беларусаў, у тым ліку ў складзе тэрытарыяльнай абароны.

У «Азова» ёсць беларуская рота. Цяпер усюды шмат нянавісці, злосці і страху. Ці дапаможа нянавісць да беларусаў скончыць вайну? Не.

Беларусы з вамі. 27 лютага па ўсёй краіне выйшла амаль 10 000 чалавек, каб сказаць «Не вайне». Гэта быў дзень «рэферэндуму», які ў нашай краіне нічога не вырашае, і людзі выказвалі свой пратэст, паказваючы кірунак рускаму караблю ў бюлетэнях і малюючы сцягі Украіны і свабоднай Беларусі.

Мы выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту. Больш за 800 чалавек было арыштавана. Гэтага не дастаткова? Магчыма.

Але ў 2020-м беларусы па ўсёй краіне выйшлі бараніць свае галасы, якія былі чарговым разам скрадзеныя на выбарах. Сотні тысяч людзей ішлі па галоўных вуліцах многіх гарадоў Беларусі з кветкамі і песнямі. У нас не атрымалася. У адказ мы ўбачылі катаванні, арышты, збіццё, згвалтаванні і забойствы тых, хто быў не згодны з уладамі.

Тое, што адбываецца ў Беларусі з таго часу – гэта сталінскія рэпрэсіі. За паўтара года была знішчана ўся грамадзянская супольнасць, закрыты амаль усе НДА - ад праваабарончых да арніталагічных і спартыўных клубаў.

Больш за тысячу палітвязняў і сотні тысяч тых, хто вымушаны быў пакінуць краіну з адным заплечнікам, каб не апынуцца ў турме. Так, у нашых турмах катуюць. Тыя, хто выйшлі 27-га, а потым і 28 лютага, ведалі, на што ідуць.

Сёння любое іншадумства ў Беларусі караецца. Колер шкарпэтак, жоўта-сінія кветкі, адзіночныя пікеты з дзіцем, «Не вайне!», сказанае крыху гучней, чым шэптам, - за ўсё гэта людзі адпраўляліся і адпраўляюцца ў турмы з нечалавечымі ўмовамі. Але яны працягваюць выходзіць і пратэставаць супраць вайны.

Сёння выйсці ў цэнтр Менска з плакатам у падтрымку Украіны - гэта як выйсці ў акупаванай Нямеччыне пратэставаць супраць канцэнтрацыйных лагераў.

Беларусы не жадаюць вайны. Мы жывём пад акупацыяй. І калі яшчэ паўгода таму можна было сказаць, што гэта акупацыя ўнутраная, то зараз па нашых дарогах раз'язджае расейская тэхніка, якую ніхто, акрамя расейскага васала, сюды не клікаў. Менавіта так, таму што можна называць сябе прэзідэнтам, але пры гэтым быць прэзідэнтам прахаднога пакоя ў інтэрнаце.

Грамадзянін Лукашэнка не прымае рашэнні, яму даводзяць іх, пакідаючы кіраваць толькі пасадкай збожжавых і адкрыццём дзіцячых спартовых спаборніцтваў. І, працягваючы метафару прахаднога пакоя, - ёсць адчуванне, што калі беларусы лягуць пад расейскія танкі (як раяць многія ўкраінцы ў сацыяльных сетках), то танкісты, не задумваючыся, праедуць па іх - хто звяртае ўвагу на прахадны пакой?

Беларусы дапамагаюць украінцам. Збіраюць сродкі на дапамогу войску і ўцекачам, збіраюць добраахвотнікаў, якія гатовыя стаць у шэрагі ўкраінскага войска ці дапамагаць у якасці лекараў.

Беларусы ўжо ваююць побач з украінскімі жаўнерамі. Адзін з першых загінулых на Майдане быў беларусам. Беларусы змагаліся тады і працягваюць змагацца на баку ўкраінцаў. Беларусы запусцілі карту дапамогі ўкраінцам MAPAHELP.ME, якая дапамагае тым, хто гатовы дапамагаць тым, каму патрэбна дапамога.

Сёння, калі ёсць асцярогі, што хутка войска Лукашэнкі можа пачаць актыўны ўдзел у вайне, беларусы робяць усё магчымае, каб беларускія вайскоўцы не ішлі на вайну, адмаўляліся ваяваць ці здаваліся ў палон.

Беларускія кібер-партызаны атакавалі кампутарную сетку Беларускай чыгункі і фактычна перавялі яе ў ручны рэжым кіравання.

Яшчэ адна каманда адрапартавалася аб прывядзенні шляхоў у фізічную непрыдатнасць - і ўсё для таго, каб прыпыніць рух эшалонаў у бок украінскай мяжы.

Беларусы ≠ войска Лукашэнкі. Сёння на нашай тэрыторыі ёсць дзве краіны: Беларусія і Беларусь.

Беларусія, гэты непаваротлівы мамант мінулага, не ведае роднай мовы і культуры, падтрымлівае грамадзяніна Лукашэнку і лічыць, што вайна - гэта норма.

Беларусь – гэта краіна, якая галасавала за дэмакратычныя перамены, ведае і паважае свае мову і культуру і адназначна выступае супраць вайны з Украінай і ўкраінцамі, з якімі ў нас так шмат агульнага.

Мы жадаем жыць у Еўропе. Як і вы. Мы хочам, каб ні ў каго не ўзнікала пытанняў, што наша краіна - гэта асобная краіна са сваёй культурай і мовай. Як і вы.

Наша гісторыя сыходзіць глыбінёй у тысячагоддзі. Як і ваша. Камусьці сёння вельмі выгадна пасварыць беларусаў і ўкраінцаў, каб абодва нашы народы засталіся сам насам з вялікім і агрэсіўным суседам. Каму выгадна? Вось менавіта гэтаму вялікаму і агрэсіўнаму суседу.

Усяго, што мы робім, - недастаткова? У 2020 годзе, калі мы сотнямі тысяч выходзілі на вуліцы, калі нас катавалі, білі і палівалі хлоркай, камеры былі набітыя людзьмі так, каб дыхаць было немагчыма, свет выказваў «крайнюю і глыбокую заклапочанасць». Хто выходзіў на вуліцы сваіх гарадоў у падтрымку беларусаў? Толькі беларусы.

За гэтыя паўтара гады Уладзімір Зяленскі не знайшоў магчымасці сустрэцца з абранай лідаркай Беларусі Святланай Ціханоўскай, затое знайшоў магчымасць працягваць купляць нафтапрадукты ў рэжыму Лукашэнкі нават тады, калі гэта праз санкцыі спыніла рабіць уся Еўропа.

Беларусы засталіся адны ў сваім канцлагеры 21 стагоддзя. Цяпер, калі большасць беларусаў падтрымлівае ўкраінцаў і стараецца ім дапамагаць усім, чым можа, нягледзячы на вялікую небяспеку для сябе і сваіх сем'яў, многія ўкраінцы пачынаюць абвінавачваць беларусаў ва ўсіх грахах.

Але ведаеце, чаму беларусы працягваюць дапамагаць? Таму што ведаюць, як гэта - застацца са сваімі праблемамі сам-насам, застацца непачутымі, застацца без дапамогі астатняга свету. І мы не жадаем, каб украінцы засталіся адны. Таму што насуперак вашым цалкам вытлумачальным эмоцыям мы па-ранейшаму лічым вас роднымі. І спадзяёмся, што гэта ўзаемна.

Не дайце ворагу разбурыць тое, што будавалася стагоддзямі.

Беларусы з вамі. Беларусы не жадаюць вайны. Беларусь не роўна Лукашэнка.

І беларусы працягнуць дапамагаць вам змагацца за свабоду, нават калі войска Лукашэнкі наважыць адправіць сваіх салдат да вас.

Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках