Украіна мае права не толькі на «закрыццё» неба, але і паўнавартасную дапамогу NATO
20- Андрэй Саннікаў
- 7.03.2022, 0:28
- 47,836
Пажар тушаць там, дзе гарыць, а не там, дзе зручней.
Усякая ваенная падтрымка Украіны законная і павінна быць тэрмінова нададзеная.
Пра гэта напісаў у «Фэйсбуку» адзін з лідараў беларускай апазіцыі, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў:
- Украінскім уладам варта звярнуцца па поўнамаштабную ваенную дапамогу да краін-чальцоў NATO, не абмяжоўваючы яе «закрыццём неба».
Расея ўжо восем гадоў вядзе ва Украіне баявыя дзеянні, а цяпер развязала поўнамаштабную вайну, парушыўшы ўсе нормы міжнароднага права.
Ёсць шмат добрых міждзяржаўных арганізацый, якія строга папярэджваюць, што міжнародны мір і бяспеку парушаць нельга. Галоўная з іх - ААН і Рада Бяспекі, пастановы якіх маюць абавязковае дзеянне. Толькі вось бяда: краіна-агрэсарка, Расея, з'яўляецца сталым членам Рады Бяспекі ААН і блакуе сваім вета ўсе пастановы, якія ёй не падабаюцца.
Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) таксама клапоціцца пра мір, толькі зрабіць нічога не можа. Там таксама Расея, а яшчэ і Лукашэнка.
Ёсць дзве міждзяржаўныя арганізацыі, якія на шчасце пазбаўленыя ад прысутнасці дыктатур: Еўразвяз і NATO. Таму яны і валодаюць эфектыўнымі інструментамі не толькі для падтрымання міру, але для яго аднаўлення і захавання.
Еўразвяз мае ўвесь спектр захадаў уздзеяння на парушальнікаў міжнароднага права, напрыклад, палітычных і эканамічных. Карыстаюцца яны імі вельмі неахвотна і са спазненнем, пра што сведчыць, напрыклад, сітуацыя ў Беларусі, дзе Лукашэнку доўгі час толькі журылі, але не каралі, нават за злачынствы супраць чалавечнасці.
Сёння ЕЗ сабраўся, мабілізаваўся і разам з ЗША і Канадай пачаў нарэшце ўводзіць жорсткія захады супраць Расеі. Праўда, вайна ўжо была ў поўным разгары, а на прэвентыўныя адказы Захад ізноў не адважыўся.
Застаецца NATO, арганізацыя, якая ставіць сваёй мэтай «захаванне міру і бяспекі». Вайна ва Украіне, развязаная Пуціным, - гэта вайна ў Еўропе, якая пагражае ўсяму свету. Гэтая вайна рыхтавалася доўгі час і не мае ніякіх абмежаванняў у тым, што да метадаў яе вядзення. Яна суправаджаецца масаванай кампаніяй дэзінфармацыі і хлусні. Расейскія войскі забіваюць ва Украіне жанчын, дзяцей, старых, выкарыстоўваюць самую смяротную забароненую міжнароднымі дамовамі зброю. Бамбуюць дзіцячыя садкі, школы, склады паліва і атамныя электрастанцыі.
Ва Украіне адбываецца катастрофа сусветнага маштабу.
Украіна гераічна супрацьстаіць звар'яцеламу гаспадару Крамля, але самотнай ёй не справіцца.
NATO правільна аналізуе сітуацыю, але няправільна ацэньвае наступствы свайго няўдзелу. Да таго ж захоўвае нейкую невытлумачальную, калі не злачынную, веру ў тое, што з Пуціным можна дамовіцца. А той нахабна хлусіць, будучы ўпэўненым, што яму ўсё сыдзе з рук, як заўсёды і было.
А яшчэ ён панічна баіцца NATO і ад страху пагражае далейшай эскалацыяй, калі NATO стане надаваць Украіне рэальную ваенную дапамогу.
Пуцін вядома ж не забыўся, як, напляваўшы на ўсе нормы і правілы, ён накіраваў расейскія войскі на дапамогу крываваму сірыйскаму дыктатару Асаду. Адпраўку войскаў Пуцін настойліва называе законным, бо яго туды запрасіў Башар Асад. Адбылося гэта пасля таго, як Крэмль упэўніўся, што прэзідэнт ЗША Абама не здольны на рашучыя дзеянні. Асад з лёгкасцю пераходзіў усе «чырвоныя лініі», намаляваныя амерыканскім прэзідэнтам. У выніку - сотні тысяч забітых, мільёны бежанцаў, і ў Сірыі па-ранейшаму кіруе дыктатар пры падтрымцы Расеі. Пуцін не проста не забыўся пра свае злачынствы ў Сірыі, ён разлічвае, што і цяпер усё здолее.
Калі Пуціна не спыніць ва Украіне, ён пойдзе далей. Далей азначае Літва, Латвія, Эстонія, Польшча з яе стратэгічна ўразлівым Сувалкскім калідорам. Яны з Дугіным так вызначылі.
Ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, якія чыняцца Расеяй, патрабуюць ужывання ўсяго арсеналу сродкаў, каб спыніць гэтую вайну.
Расея наўпрост заявіла, што яе мэтай з'яўляецца «дэнацыфікацыя» Украіны. Калі перавесці з крамлёўскага дыялекту на мову агрэсара, гэта азначае «генацыд». Гэта найцяжэйшае злачынства, якому неабходна тэрмінова пакласці канец.
У адпаведнасці з артыкулам 51 Статута ААН Украіна мае «неад'емнае права на індывідуальную або калектыўную самаабарону» ў выпадку ўзброенага нападу.
Для рэалізацыі гэтага права Украіна мае ўсе законныя падставы звярнуцца да краін-чальцоў NATO.
Пажар тушаць там, дзе гарыць, а не там, дзе зручней.
Пажар тушаць не голымі рукамі і заявамі, а з брандспойта.