13 студзеня 2026, aўторак, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што разбурыць расейскую эканоміку

8
Што разбурыць расейскую эканоміку
Кірыл Рогаў

Надыходзіць крытычны момант.

Ужо шмат хто напісаў пра парадаксальную бессэнсоўнасць адыходу Visa і Mastercard з Расеі. Напраўду гэта пляга выключна для тых расейцаў, якія знаходзяцца за мяжой, г.зн. уцякаюць ад пуцінскага рэжыму і шалу мілітарызму ў Расеі. Для ўсіх астатніх нічога не мяняецца.

Я цалкам разумею логіку гэтых сэрвісаў. Гэта частка CRC - "cancel Russia culture". Яны не маглі да яе не далучыцца. Але гэта добрая нагода па-за эмацыйнымі рэакцыямі пагаварыць аб сэнсе тых або іншых рэгулятарных і стыхійных санкцый, якія абрынуліся сёння на Расею.

У цэлым ахвотныя санкцыі заходніх кампаній граюць важную палітычную ролю. Але болей вобразную і сымбалічную, чым эканамічную і дзейсную. Для рэжыму не важны (і нават збольшага пазітыўны) адыход Visa і Mastercard, роўна як і ўсіх люксавых марак. Гэта сымбалічны разрыў з Захадам, які з'яўляецца для Пуціна прынцыповай стратэгіяй. Але ёсць крытычная для рэжыму праблема, якая ляжыць зусім побач, але выглядае па-іншаму (я столькі даваў каментароў на гэтую тэму апошнія дні, што буду паўтарацца і знарок расказваць занадта падрабязна).

Крытычная праблема для рэжыму, да якой ніхто не быў гатовы - гэта праблема прамежкавага ды інвестыцыйнага імпарту. Г.зн. не таго імпарту, які знаходзіцца ў беспасярэднім спажыванні, а таго, які выкарыстоўваецца для вырабу тавараў спажывання. І тут парадокс палягае ў тым, што праграма імпартазамяшчэння, якой пуцінскі рэжым, рыхтуючыся да ізаляцыі, быў заклапочаны апошнія гады, толькі пагоршыла сітуацыю для яго сёння.

Я не хачу сказаць, што ўся праграма імпартазамяшчэння была раскрадзеная. Не. Але як гэта выглядае напраўду? Вы – дзяржаўны службовец і адказваеце за праграму імпартазамяшчэння, і Вы - бізнэсовец, які хоча скарыстацца яе бонусамі. Вы (бізнэсовец) вучыцеся рабіць скрыначку тавару айчыннага вырабу. Вы прыладжваецеся, каб замясціць замежны пластык айчынным (тое, што ён вырабляецца на замежных варштатах - не Ваша праблема, ён у рамках праграмы лічыцца айчынным). Вы робіце шкло айчыннага вырабу. І ў цэлым - Вы адпрацавалі льготы паводле праграмы імпартазамяшчэння. Дзель імпарту ў прадукцыі знізілася з 36 да 31 % (гэта прыкладна той рэальны эфект праграмы, які адлюстраваны ў афіцыйнай статыстыцы).

Гэта маленькі крок, і звязана гэта з тым, што каб рабіць патрэбны Вам "айчынны" пластык, вытворцам давялося закупіць дадатковае імпартнае абсталяванне. У Вас дзель імпарту паменшылася, хаця ў іх яна павялічылася. Дармо. Гэта не Ваша праблема.

Цяпер надыходзіць крытычны момант. Калі раптам пастаўкі нейкіх там чыпаў і драбніц, якія маюць быць спакаваныя ў шкло, пластык і скрыначкі расейскага вырабу, спыніліся, то створаныя Вамі ў рамках праграмы імпартазамяшчэння вытворчасці (шкла, пластыку, скрыначак) вырабляюць адмоўную дададзеную вартасць. Яны выдаткавалі рэсурсы (у тым ліку імпартныя варштаты) і працоўную сілу, але не вырабілі тавару, які можа быць набыты спажыўцом (гэта, дарэчы, было стандартнай сітуацыяй у савецкай эканоміцы, чаму яна і раскідалася).

Кірыл Рогаў, Telegram

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках