«Сыравіны няма, нас адпраўляюць у адпачынак за свой кошт»
19- 7.03.2022, 11:01
- 57,482
У Берасці на мяжы закрыцця цэлае прадпрыемства.
Вайна ва Украіне ўжо б'е па СЭЗ «Брэст». На прадпрыемстве для вырабу аконных профіляў з ПВХ расказалі сайту "Брестской газеты", з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся.
«Блізу два гады стабільную работу нашага завода забяспечваў вялікі кантракт з Індыяй, - расказаў супрацоўнік прадпрыемства-рэзідэнта Свабоднай эканамічнай зоны. – Кліент перамог у тэндэры на будаўніцтва ў сваёй краіне хмарачосаў, нашы кіраўнікі з дужа цешыліся».
Але незадоўга да пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне ў калектыве пайшлі размовы, што кантракт могуць перадаць партнёрам у Польшчы. Маўляў, праект важны, а калі ў вас там пачнецца вайна і завод распляжаць…
«І сапраўды, на пастанову нашых заснавальнікаў у Нямеччыне спецыфічнае індыйскае абсталяванне адправілі ў Польшчу, – кажа далей наш суразмоўца. - А потым не стала і асноўнай сыравіны - парашка для вырабу пластыка, які мы таксама атрымлівалі з Польшчы».
З’явіліся і праблемы з разлікамі, якіх даўней не было. Цяпер партнёры сталі патрабаваць папярэднюю аплату.
«Парашка няма – нас адправілі на 10 дзён (да 14 лютага) у адпачынак за свой кошт. Пытаемся ў начальніка цэха: "Нам што цяпер - працу шукаць?". Нічога пэўнага ён нам не сказаў: "Пакуль не хвалюйцеся". Але як не бедаваць? Мы маем сучасную вытворчасць у СЭЗ, заробак плацяць на часе, блізу 1300 рублёў - гэта нямала для Берасця. Кажуць, такія ж цяжкасці і на іншых прадпрыемствах у суседстве з намі - на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт».
Пры гэтым практычна ўсе высокатэхналагічныя вытворчасці Свабоднай эканамічнай зоны працуюць на прывазной сыравіне, збольшага з Еўропы. Гэта выраб будаўнічых матэрыялаў ("Дыскам", "БелІНЭКА", "Кондар"), вырабаў з ПВХ ("Профілі Вокс", "Саламандэр"), мэблі ("Anrex", "БЕЛС", "Інвалюкс" ды іншае), электронікі («Джафрэ Лабартэхнік»), тэрмаізаляцыі для халадзільнага абсталявання («Фрыза Індастры»). Папулярная марка моднага жаночага адзення "Нелва" ствараецца на базе якасных тканін і фурнітуры, якія завозяцца з Еўропы.
Пад пагрозу пастаўленая і рэалізацыя перспектыўных праектаў на тэрыторыі СЭЗ "Брэст", такіх як стварэнне пераладвальнага вузла і арганізацыя вырабу кемпераў на базе аўтамабіляў еўрапейскіх вытворцаў.