Якія кампаніі надумалі сысці з Беларусі
17- 7.03.2022, 11:34
- 26,410
Спіс увесь час абнаўляецца.
5 сакавіка кампанія Olvi заявіла аб сыходзе з Беларусі. Яе даччыная кампанія ў нашай краіне - «Лідскае піва». Telegraf.by піша, якія яшчэ кампаніі заявілі аб спыненні працы з Беларуссю.
У заяве кампаніі Olvi сказана, што Рада дырэктараў Olvi plc прыняла пастанову спыніць экспарт у Расею і Беларусь і пачаць сыход з беларускага рынка.
«Сітуацыя ва Украіне вельмі сур'ёзная, і нашыя думкі на баку пацярпелых ад вайны ўкраінцаў. Мы рашуча асуджаем напад на Украіну. Мы імкнёмся працаваць у адпаведнасці з каштоўнасцямі Olvi, і гэта адзіная разумная пастнова для забеспячэння доўгатэрміновай і адказнай дзейнасці», - сказаў старшыня ўправы Пенті Хакарайнен.
У паведамленні таксама адзначаецца, што Olvi неадкладна прыпыніць інвестыцыі ў Беларусь і пачне планаваць кантраляваны вывад сродкаў. А графік і захады будуць удакладняцца па меры планавання.
«Беларуская даччыная кампанія Групы «Лідскае піва» з'яўляецца найбуйнейшым працадаўцам у горадзе Ліда і забяспечвае сродкамі для існавання 840 сем'яў. Сродкі для існавання персаналу даччынай кампаніі пакуль будуць забяспечаныя», – паабяцалі ў Olvi.
ААТ «Лідскае піва» - гэта прыватная кампанія, частка фінскага холдынгу Olvi PLC. Прадпрыемства выпускае 20 тыпаў піва. А таксама займаецца выпускам соказмяшчальных напояў «Усе вітаміны», пітной вады «Aura», ліманадаў «Лімпа», энергетычнага напою «Dynami: t», безалкагольнага газаванага напою Hello Kitty, напою Angry Birds, а таксама сідру FIZZ. Акрамя таго, з'яўляецца беларускім лідарам у вытворчасці і продажы квасу (гандлёвыя маркі «Лідскі хлебны», «Лідскі цёмны», «Лідскі белы», «Лідскі летні», «Лідскі лёгкі»).
Хто яшчэ сыходзіць з Беларусі?
Чэшскае піва
Чэшскія півавары больш не будуць пастаўляць піва ў Беларусь і Расею. Аб гэтым паведаміла чэшская газета Lidov noviny.
Гаворка ідзе пра піваварныя кампаніі Plzensky Prazdroj (Pilsner Urquell, Velkopopovick Kozel і Gambrinus), Staropramen, Budejovicky Budvar (Budweiser Budvar) і Bernard.
Сэрвісы жылля Booking.com і Airbnb
Праз сэрвіс рэзэрвавання жылля Booking.com прыпыніў выкананне турыстычных паслуг у Расеі і Беларусі.
Цяпер зарэзерваваць аб'екты размяшчэння ў Беларусі і Расеі нельга. Аднак беларусы і расейцы могуць падабраць варыянты размяшчэння ў іншых краінах.
Сэрвіс арэнды жылля Airbnb таксама заявіў аб сыходзе з Расеі і Беларусі.
Адзенне H&M
Швэдскі рытэйлер H&M Group 2 паведаміў, што надумаў прыпыніць усе продажы ў Расеі ў сувязі з «трагічным развіццём падзей на Украіне». Раніцай 3 сакавіка ў Менску не адкрыліся крамы H&M у ТРЦ Галерэя і Палаццо. Калі зноў адкрыюцца - невядома.
Таксі Bolt
Эстонская прыватная кампанія, стваральнік мабільнага дадатку для выкліку таксі і іншых сэрвісаў Bolt надумала спыніць сваю дзейнасць у Беларусі.
IKEA
IKEA паведаміла, што прыпыняе працу ў Расеі і Беларусі. Адзначым, што ў Беларусі крам швэдскай кампаніі няма, але ёсць некалькі вытворчасцяў, якія ствараюць прадукцыю пад гандлёвай маркай IKEA.
Маркетплэйс БАДаў iHerb
Найбуйнейшы маркетплэйс Бадаў iHerb заявіў на сваім сайце, што з 28 лютага «ў сувязі з бягучымі падзеямі» часова спыніў апрацоўку новых замоў для адпраўкі ў Расею, Украіну, Беларусь і Малдову.
«Паколькі мы не можам паўплываць на тое, што адбываецца, мы будзем пільна сачыць за сітуацыяй, каб прадоўжыць якасна выконваць паслугі, як толькі гэта стане магчымым», — сказана ў паведамленні.
Кампутарныя гульні EA Games
Спачатку адзін з найбуйных вытворцаў кампутарных гульняў EA Games выдаліў расейскія і беларускія каманды са сваіх гульняў NHL 2022 і FIFA.
Пасля заявіў, што спыняе продажы сваіх прадуктаў у Расеі і Беларусі.
Акрамя таго:
Сэрвіс Revolut больш не будзе пераводзіць грошы ў Беларусь і з Беларусі.
Кампанія DHL прыпыніла дастаўку грузаў і дакументаў у Беларусь і Расею.
Вытворцы электронных прылад і кампутарных кампанентаў Intel і AMD прыпынілі ўсе пастаўкі ў Расею і Беларусь праз вайну ва Украіне.
Snapchat спыніў паказваць і прадаваць рэкламу ў Беларусі і Расеі.
Вытворца сеткавага абсталявання і ПЗ Cisco Systems прыпыніў дзейнасць у Беларусі.
Украінскі агрэгатар ІТ-вакансій Djinni замарозіў вакансіі кампаній з Расеі і Беларусі.
Амерыканскі пастаўшчык паштовых і кур'ерскіх паслуг FedEx заявіў аб прыпыненні дзейнасці на беларускім рынку.
Аўтамабільны канцэрн MAN спыняе экспарт грузавікоў і дэталяў у Расею і Беларусь.
Распрацоўнік гульняў Cyberpunk 2077 і «Ведзьмак» CD Projekt Red заявіла, што прыняла пастанову спыніць усе продажы гульняў у Расею і Беларусь.
Адна з найбуйнейшых кампаній Maersk, якая спецыялізуецца на марскіх грузавых перавозках, заявіла аб спыненні прыёмаў заказаў на перавозку грузаў у Беларусь і з яе.