Züddeutsche Zeitung: Расея атрымала «Афганістан 2.0»
19- 7.03.2022, 16:28
- 25,648
Пуцін грунтоўна памыліўся.
У чым пралічыўся Пуцін, куды прывядзе яго ядзерны шантаж, які прадаўжаецца, і як змяніліся з пачатку вайны ацэнкі заходніх экспэртаў, прааналізавала Züddeutsche Zeitung.
- Наўрад ці многія вайсковыя спецыялісты на Захадзе чакалі, што ўкраінскае войска так запаволіць расейскі наступ, а ў некаторых выпадках нават прымусіць яго павярнуць назад, - піша выданне.
- Адно можна сказаць напэўна: расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін грунтоўна пралічыўся ў сваёй агрэсіўнай вайне.
Калі ўзяць за кропку адліку забеспячэнне расейскіх жаўнераў палівам і харчаваннем, Пуцін, мусіць, верыў у перамогу цягам чатырох дзён, сказаў прадстаўнік заходняга ўрада ў Берліне. Замест гэтага калона наступаючых праз недахоп паліва, механічных паломак і нападаў украінцаў была адціснутая на адлегласць да 70 кіламетраў.
Акрамя таго, адбылася страта ўпэўненасці сярод расейскіх жаўнераў, некаторыя з якіх толькі пры перасячэнні мяжы зразумелі, што гэта ўжо не вучэнні. Заходнія спецслужбы старанна ацэньваюць вялікую колькасць фота і відэа, на якіх падбітыя расейскія танкі. Таксама імаверна, што прынамсі трое старэйшых расейскіх камандзіраў былі забітыя, спрабуючы аднавіць няўпэўнены наступ.
Пастаўляючы лёгкую пераносную зброю, краіны NATO, а цяпер яшчэ і Нямеччына, падтрымліваюць тактыку Украіны. З Берліна было дастаўлена 1000 сучасных зенітных ракет «Панцэрфаўст» і 500 зенітных ракет «Стынгер». У некаторых выпадках яны фарсіруюць расейскія самалёты на вышыні больш за 3000 метраў. Гэта змяншае дакладнасць трапляння.
Як адзначаюць нямецкія журналісты, «Пуцін усё часцей спрабуе выкарыстоўваць лом», гэта значыць, яшчэ больш жорсткія дзеянні.
- Жаданых карцінак, жанчын, якія размахваюць букетамі кветак, і зіхатлівых дзяцей - іх не было. Напэўна, ён не чакаў гераічнага супраціву насельніцтва Украіны на чале з гэтым узорным прэзідэнтам Зяленскім, - пракаментаваў Нямецкаму агенцтву друку былы генерал NATO Ганс-Лотар Дамрэзе, ахарактарызаваўшы цяперашнія падзеі як «партызанскую вайну ў самым найлепшым выглядзе» і «Афганістан 2.0».
Экс-ваеначальнік мяркуе, што Пуцін мог перамагчы тэхнічна і тактычна, але Украіна пераможа ў вайне маральна. Таксама ён заявіў, што неабходна па магчымасці прыцягваць да пытання паставак узбраенняў ва Украіну ААН, а не думаць толькі катэгорыямі NATO. Але першачарговае пытанне, са слоў Дамрэзе - гуманітарная дапамога: «Яна павінна быць на першым месцы. Аж да хлеба з маслам. Усё, што дапамагае людзям. Кожнаму чалавеку, немаўлятам, маці, бацькам. Чалавецтву».
Яшчэ адзін вайсковец, цяпер дзеючы афіцэр, сказаў журналістам, што ваенная перамога Украіны будзе нечым накшталт цуду. «З іншага боку, былы генерал NATO Эган Рамс заявіў у нядзелю ўвечары ў эфіры ZDF, што ўважае перамогу Украіны за цалкам магчымую, а амбасадар Украіны Андрэй Мельнік выступіў за тое, каб не аддаваць сваю краіну», - адзначае выданне.
Прэстыжу Пуціна як на міжнародным узроўні, так і ўнутры краіны, падкрэслівае Züddeutsche Zeitung, прычыненая непапраўная шкода. Яго пастанова «выцягнуць карту ядзернай пагрозы» ўсяго праз некалькі дзён пасля пачатку агрэсіі сведчыць аб роспачы, кажа Эфраім Халеві, былы кіраўнік ізраільскай службы замежнай выведкі «Масад».
Аднак гэта зусім не значыць, што расейскі кіраўнік спыніцца - імаверней, нават наадварот. У Берліне старшыня Камітэта абароны Мары-Агнес Штрак-Цымерман заявіла, што, на яе думку, баявыя дзеянні будуць прадаўжацца яшчэ доўга, і з боку Расеі магчымыя «яшчэ больш брудныя атакі»: «Пуцін нават не трымае свайго слова аб меркаваных атаках толькі на ваенную інфраструктуру. Ён топча нормы міжнароднага гуманітарнага права, якое прадугледжвае, што пакуты грамадзянскага насельніцтва ва ўзброеных канфліктах павінны быць зведзеныя да мінімуму».
І таму, рэзюмуе выданне, міжнароднай супольнасці трэба будзе прыкласці ўсе намаганні, каб дапамагчы Украіне. У перамоўны працэс ужо ўключыўся Ізраіль, таксама ў Еўропе чакаюць больш рашучых крокаў і дзеянняў ад ЗША.