У Кіеве жанчына збіла варожы дрон слоікам з памідорамі
13- 7.03.2022, 18:41
- 28,552
Варожы дрон яна ўбачыла, калі паліла на балконе.
Некалькі дзён таму ў Кіеве жанчына збіла з балкона дрон слоікам з памідорамі. І хаця некаторыя лічылі гэта выдумкай, высветлілася, што такі выпадак адбыўся напраўду, паведамляе LIGA.Life.
Са слоў жанчыны, варожы дрон яна ўбачыла, калі паліла на балконе.
«Гляджу, нешта павольнае плыве. Спачатку падумала, варону падбілі. А потым пачула гудзенне», - распавядае Алена.
Да гэтага яна ні разу не бачыла дрон зблізку. Зрэшты, пачуўшы гук, адразу зразумела, што перад ёй сапраўды не птушка. У кватэры знайшлося б што-небудзь больш прыдатнае, каб запусціць у варожую прыладу, кажа жанчына. Але ў той момант падумала, што пакуль забяжыць у пакой і вернецца, дрон ужо паляціць. У той жа час банкі з кансервацыяй стаялі пад яе крэслам.
Таму Алена схапіла адзін слоік і з усіх сіл запусціла: «Мабыць, ад страху. Бо я спалохалася. А што, калі адтуль пачнуць абстрэльваць мяне! Як жа шкада тыя памідоры». Затым разам з мужам яны абабеглі хату, растапталі рэшткі дрона і раскідалі абломкі па розных баках са смеццем.
«Я не разбіраюся ў гэтай электроніцы. Можа, яно піша, адсочвае», - дзеліцца Алена.
Яна мяркуе, што дрон маглі запусціць марадзёры, якія шукаюць кватэры без гаспадароў. Сям'я Алены жыве ў Дняпроўскім раёне Кіева. За плячыма жанчыны - 21 год дзяржаўнай службы, паводле прафесіі яна журналіст.