Што ў беларускіх рэгіёнах адбываецца з коштамі, украінскімі таварамі, «Яндэкс.Таксі», арэндай кватэр?
11- 7.03.2022, 19:18
- 18,606
Агляд з 13-ці кароткіх пунктаў.
«Кур’ер» даведаўся ў случчакоў, як яны рэагуюць на зменлівыя рэаліі апошніх дзён праз рост курсаў валют і абмежаванняў, якія ўзніклі пасля распачатых 24 лютага баявых дзеянняў ва Украіне.
1. Крамы ўжо пераглядаюць кошты
Случчакі пішуць: «Вы кошты ў «21 стагоддзі» бачылі? У мяне зрэнкі ў тры разы павялічыліся». Іншыя пытаюцца, як нешта купляць, калі ўчора тавар каштаваў 90 рублёў, а сёння - 160 рублёў.
Адзін чытач распавёў, што браў пачак грэцкіх круп па 2,5 рубля, а ў краме яму сказалі, што хутка будзе новы прывоз і кошты могуць павялічыцца. Дык у крамах ужо складана знайсці гэтыя крупы па цэнах ніжэйшых за 4 рублі.
Таксама случчакі паведамлялі ў рэдакцыю аб падаражанні астуджанай чырвонай рыбы.
2. Знікла растэрміноўка або скараціўся яе тэрмін
Некаторыя крамы продажу тэхнікі і мэблі часова прыбралі магчымасць продажу тавараў у растэрміноўку. Іншыя скарацілі яе перыяд да 7 і 12 месяцаў, хаця раней давалі на 24 месяцы.
3. Пра будматэрыялы
Адзін са слуцкіх прадаўцоў будматэрыялаў распавёў, што яны даўно не прывозяць украінскія шпалеры. Ёсць толькі ў астатку. Цяпер праз курс даляра кошты новых паставак выраслі на 30%. Расейскія фабрыкі працуюць па перадаплаце, таму што прадпрыемствы не ведаюць, як будуць працаваць, які будзе сабекошт шпалер.
4. Пра арэнду кватэр
Курс даляра, які вырас, адбіваецца і на арандатарах кватэр. Многія чытачы расказваюць, што гаспадары просяць плаціць па дзейным курсе. Ёсць тыя, хто яшчэ не абмяркоўваў з уладальнікамі кватэр новыя ўмовы аплаты. «Арэндная плата не мяняецца, але за кошт курсу для тых, хто зарабляе ў рублях, расце», — напісала случчанка. Іншая дзяўчына сказала: «Гаспадыня пакуль нічога не казала, але вельмі спадзяёмся, што аплату зменшыць».
5. Пра медыцынскія прэпараты
У адной з камерцыйных аптэк Слуцка распавялі, што праблем з наяўнасцю ўкраінскіх лекаў няма. Але людзі хвалююцца, што гэтыя прэпараты знікнуць, і купляюць з запасам.
6. Пра ўкраінскія газавыя катлы
Адзін случчанін падзяліўся радасцю, што напярэдадні паспеў купіць газавы кацёл з Жытоміра. Мужчына выказаў меркаванне: «Напэўна, зараз з продажу знікнуць».
7. Пра гранітныя помнікі
Цяпер фірмы, якія займаюцца добраўпарадкаваннем пахаванняў, хвалююцца, што знікне ўкраінскі граніт. Яго выкарыстоўваюць для вытворчасці помнікаў.
8. Пра касметыку
Жыхары Слуцка хвалююцца, што з продажу знікнуць украінскія фарбы для валасоў і шампуні, якія карыстаюцца попытам і недарагія.
9. Пра буйныя пакупкі
Многія случчакі адклалі буйныя пакупкі, каб у выпадку чаго закупіцца таварамі першай неабходнасці - прадуктамі, медыкаментамі і прадметамі гігіены.
У адной з будаўнічых крам Слуцка прадаўцы распавялі, што пакупнікі разабралі электрычныя генератары за 600-700 рублёў. Магчыма, гэта звязана з пачаткам сезона ці людзі асцерагаюцца перабояў з электраэнэргіяй.
10. Пачынаюць знікаць украінскія тавары
У некалькіх крамах няма каменнай харчовай солі з Украіны. Загадчыца крамы «Еўраопта» ў ГЦ «Маяк» сказала, што гэты тавар ужо даўно не завозяць.
11. Крэдыты на нерухомасць
Усе банкі Беларусі прыпынілі выдачу крэдытаў на нерухомую маёмасць. У той жа час з 1 сакавіка стаўка рэфінансавання ўзнялася да адзнакі 12 працэнтаў. Гэта значыць, што ў фізічных асоб, у якіх крэдыты прывязаны да гэтага паказчыка, узрастуць выплаты.
12. Заказы з Wildberries і Ozon
Случчакі зважаюць, што пры замове тавараў на гэтых сайтах трэба быць уважлівымі. Курс увесь час расце, таму кошт у беларускіх рублях, паказаны на Wildberries і Ozon, — гэта не зусім тое, што можа заплаціць чалавек у выніку.
Супрацоўніца аднаго са слуцкіх банкаў патлумачыла, што пры замове на гэтых сайтах банк зараз не пераводзіць беларускія рублі ў расейскія. Адбываецца падвойная канверсія: спачатку расейскія рублі - у даляры, а потым ужо ў беларускія рублі. Праз гэта атрымліваецца такая розніца ў коштах. «Найлепшае рашэнне цяпер - зрабіць картку ў RUB, канвертаваць BYN у RUB і па ёй разлічвацца на Ozon і Wildberries, - раіць прадстаўнік банка. - Але трэба ўлічваць, што амаль усе банкі ўжо не працуюць з гэтымі сэрвісамі, аплата па картах не праходзіць, як і ў Яндекс.Таксі, SamsungPay, ApplePay і іншых».
13. Слуцкія кіроўцы «Яндэкс.Таксі» не могуць атрымаць свой заробак
Цяпер таксісты, якія працуюць у «Яндэксе», не могуць вывесці грошы, якія яны зарабілі за паездкі. У некаторых случчакоў машыны ўзяты ў арэнду або ў лізінг. Цяпер іх няма чым аплачваць. Для многіх кіроўцаў пад пагрозай сама магчымасць працаваць ці падзарабляць.