Памёр вядомы беларускі лекар Аляксандр Сукала
10- 3.05.2022, 18:29
- 18,218
ФОТА: МЕДЫЦЫНСКІ ВЕСТНІК
Пра гэта паведаміла Міністэрства аховы здароўя Беларусі.
Сёння раніцай, 3 траўня памёр вядомы беларускі лекар, галоўны няштатны дзіцячы нефролаг Міністэрства аховы здароўя, акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Сукала. Пра гэта ў сваім тэлеграме паведаміла Міністэрства аховы здароўя.
Аляксандр Сукала нарадзіўся ў 1951 годзе ў Рагачове. З адзнакай скончыў педыятрычны факультэт Менскага медінстытута.
Абараніў доктарскую дысертацыю ў медыцыне. Яго вучнямі былі напісаны і абаронены 25 кандыдацкіх і 6 доктарскіх дысертацый.
Акадэмік Аляксандр Сукала з'яўляўся адным з арганізатараў Цэнтра дзіцячага гемадыялізу, навуковым кіраўніком Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нефралогіі (вобласць медыцыны, якая вывучае функцыі і хваробы нырак. - Заўвага. рэд.) і нырачнай замяшчальнай тэрапіі.
Дзякуючы яго даследаванням у Беларусі быў укаранёны метад нефрабіяпсіі (метад дыягностыкі. — Заўвага. рэд.) у дзіцячай нефралогіі. Выкарыстанне сучасных высокатэхналагічных методык дапамагло дасягнуць значных вынікаў у зніжэнні смяротнасці пры вострай нырачнай недастатковасці з 35% да практычна нуля.