Ва Украіне прапануюць забараніць увоз і продаж кніг з Беларусі і РФ
12- 13.06.2022, 20:47
- 3,196
Забарона не закране толькі класікаў.
Больш за 50 народных дэпутатаў Украіны прапануюць забараніць увоз і продаж кніг з Беларусі, Расеі і з акупаваных тэрыторый, каб пазбавіцца ад уплыву "расейскага свету" на ўкраінскі кніжны рынак. Пра гэта народны дэпутат Украіны, гісторык Уладзімір Вятровіч паведаміў у сябе ў Facebook.
У Вярхоўнай радзе Украіны 13 чэрвеня зарэгістраваны законапраект аб забароне імпарту кніг з Расеі і Беларусі і спыненні продажу расейскіх друкаваных выданняў. Дэпутат адзначыў, што мэта гэтага дакумента - перакрыць уплыў "расейскага свету" на ўкраінскае кнігавыдавецтва як звонку, так і ўнутры краіны.
Законапраект прадугледжвае забарону імпарту кніг з Расеі і Беларусі, спыненне продажу раней увезеных расейскіх кніг, амаль поўную забарону на друк і ўвоз твораў грамадзян Расейскай Федэрацыі. Дэпутат удакладніў, што "гаворка ідзе менавіта аб грамадзянах РФ, а не аб "мёртвых расейцах" накшталт Пушкіна з Дастаеўскім".
Ён дадаў, што іншая важная норма законапраекта прадугледжвае, што кнігі ва Украіне павінны выдавацца на ўкраінскай мове, мовах краін ЕЗ і карэнных народаў Украіны. Са слоў Вятровіча, на іншых мовах (у тым ліку на расейскай) могуць друкавацца арыгінальныя творы, але не пераклады.
- Гэтая норма заблакуе планы “расейкага свету” захапіць наш кніжны рынак знутры. Сусветная літаратура, у тым ліку папулярныя кніжныя навінкі, будуць звяртацца да нашых чытачоў на ўкраінскай мове або мовах арыгінала, - адзначыў ён.
Яшчэ адзін са складальнікаў дакумента - народная дэпутатка, сябра партыі "Слуга народа" Яўгенія Краўчук дадала, што нельга будзе выдаваць, увозіць, распаўсюджваць кнігі, надрукаваныя ў Расеі, Беларусі або на акупаваных тэрыторыях, але гэта не тычыцца літаратуры, выдадзенай у часы СССР або раней.
Суаўтарамі законапраекта сталі больш за 50 дэпутатаў з розных фракцый, у тым ліку старшыня Вярхоўнай рады і ягоныя намеснікі.
Нагадаем, раней у Міністэрстве адукацыі Украіны заявілі, што з 1 верасня ва ўкраінскіх школах не будуць вывучаць раман Льва Талстога "Вайна і мір", а таксама іншыя творы літаратуры, якія "апяваюць" расейскае войска.