У Беларусі стане прасцей будаваць дамы і хлявы ў вёсцы
9- 13.06.2022, 21:37
- 14,308
Без дазволаў і праектных дакументаў.
Лукашэнка 13 чэрвеня падпісаў указ, які спрашчае парадак узвядзення і рэканструкцыі аднакватэрных жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў у сельскай мясцовасці.
Дакументам прадугледжана, што такія аб'екты можна будзе пабудаваць без атрымання дазволаў, распрацоўкі праектнай дакументацыі і наступнай прыёмкі ў эксплуатацыю.
Каб пабудаваць або адрамантаваць аднакватэрны жылы дом або гаспадарчае будаўніцтва ў сельскай мясцовасці (за выключэннем раёнаў, якія прылягаюць да абласных цэнтраў і Менска), дастаткова мець дакумент, які сведчыць права на зямельны надзел.
Калі ж будаўніцтва плануецца ў наваколлях абласных цэнтраў і Менска, у пасёлках гарадскога тыпу і гарадах, трэба будзе атрымаць пашпарт забудоўшчыка. На падставе такога пашпарта таксама змогуць пабудаваць жылыя аднакватэрныя дамы ІП і юрыдычныя асобы.
Пашпарт забудоўшчыка будуць выдаваць паводле прынцыпу «адно акно», тэрмін афармлення - адзін месяц, кошт - 25 базавых адзінак.
Таксама ўказам спрашчаецца парадак дзяржрэгістрацыі пабудаваных такім чынам аб'ектаў.
Разам з тым не касуецца і дзейны парадак будаўніцтва і рэканструкцыі пабудоў — з атрыманнем усіх дазволаў, узгадненняў, высноў і распрацоўкай праекта.
Пастанова аб выкарыстанні спрошчанага парадку прымаецца забудоўшчыкамі самастойна. Скарыстаць яе можна будзе пры ўзвядзенні аб'ектаў па ўсёй краіне, за выключэннем Менска. Указ набудзе моц праз 6 месяцаў пасля апублікавання.