Пад Запарожжам УСУ ўжо атрымалі заходнюю зброю
3- 21.06.2022, 21:37
- 12,080
Пазіцыі істотна палепшыліся.
У Запарожскай вобласці ўкраінскія вайскоўцы ўжо атрымалі далёкабойную заходнюю зброю, за кошт чаго пазіцыі УСУ істотна палепшыліся. Пра гэта паведаміў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух у эфіры тэлемарафона, перадае liga.net.
"Дапамога ад нашых заходніх партнёраў ужо некалькі тыдняў як прыйшла і дастаткова істотна палепшыла пазіцыі нашых войскаў, бо артылерыйскія двубоі цяпер - гэта адна з асноўных форм супрацьстаяння. Тыя гарматы, якія страляюць, як снайперскія карабіны, гэтыя "тры сякеры" (далёкабойныя гаўбіцы М777 – рэдакцыя), вядома, яны прыйшлі на часе і дастаткова дарэчы ", – сказаў кіраўнік АВА.
Цяпер, паводле ягоных слоў, вораг "ужо не пачуваецца так вольна, як даўней".
"Дапамога прыйшла, хлопцы авалодалі прафесійна, і гэтыя гарматы дапамаглі стабілізаваць сітуацыю", - сказаў Старух.
Паводле ягоных слоў, лінія фронту ў Запарожскай вобласці ўжо стабілізаваная, УСУ ўпэўнена яе ўтрымліваюць і даюць адпор расейскім акупантам, калі тыя спрабуюць прасоўвацца. Пры гэтым ён падкрэсліў, што гаварыць аб "вялікім контрнаступе" УСУ пакуль не выпадае.
Старух адзначыў, што ў Запарожскай вобласці цяпер назіраецца зацішша ў параўнанні з сітуацыяй блізу тры тыдні таму, калі вораг назапашваў там свае сілы. Аднак потым акупанты перакінулі гэтыя сілы ў Херсонскую і Луганскую вобласці.