20 траўня 2024, панядзелак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску ў «доме Чыжа» выставілі на продаж блізу 20 кватэраў

24
У Менску ў «доме Чыжа» выставілі на продаж блізу 20 кватэраў

Колькі яны каштуюць?

У знакамітым «доме Чыжа», які знаходзіцца на вуліцы Старажоўскай у Менску, выставілі на продаж каля 20 кватэраў рознай плошчы – ад аднапакаёвых да пяціпакаёвых, ёсць нават трохпавярховы пентхаус. Амаль усю нерухомасць прадаюць з прыпіскай «для VIP», нават нягледзячы на тое, што некаторыя кватэры без аздаблення, піша zerkalo.io.

Чатырохпакаёвая з чатырма санвузламі і хамамам

За 1950000 даляраў або 4936425 рублёў прадаецца 4-пакаёвая кватэра з відам на набярэжную Свіслачы.

Нерухомасць знаходзіцца на 15 паверсе, вышыня столі тут тры метры. Агульная плошча кватэры крыху большая за 260 м2, пад жылымі пакоямі амаль 128 «квадратаў», кухня займае 26 м2. Ёсць чатыры санвузлы, у адным з якіх – хамам з зорным небам. У кватэры ёсць дзве зашклёныя лоджыі. Устаноўленая сістэма «Разумны дом», маецца трохузроўневы падземны паркінг, у пад'ездзе – кансьерж, кругласутачнае відэаназіранне.

У жыллі зроблены «дызайнерскі» рамонт. Дзверы і вокны драўляныя, на падлозе паркет, прываконні і сцены санвузлоў мармуровыя, дэкаратыўныя пано з оніксу. Мэбля італьянская.

Пентхаус для VIP персонаў

Можна набыць эксклюзіўны трохпавярховы пентхаус для VIP персонаў. Праўда, кошт нерухомасці не пазначаны – трэба дамаўляцца. Апартаменты знаходзяцца на 18 паверсе, яны займаюць амаль 420 «квадратаў», тут шэсць пакояў. За жыллём замацаваныя два машына-месцы ў падземным паркінгу.

У кватэры дызайнерскі рамонт, ёсць мазаіка з італьянскага мармуру, модульны паркет з масіву дрэва, брэндавыя крыштальныя люстры, персідскія дываны, дэкаратыўны камін. Кватэра абсталяваная побытавай тэхнікай і мэбляй.

На верхнім жылым паверсе знаходзяцца хол, гасцёўня, сталовая зона, гарбатна-кававая зона, працоўная кухня, уваходны гардэроб, гасцявы санвузел, гасцявая спальня з уласным санвузлом і душавой.

На першым паверсе – прыватная зона: асноўная спальня з уласным санвузлом, ваннай і душавой, асобны гардэроб, дзве гасцявыя спальні, кабінет, турэцкі хамам, гаспадарчыя пакоі з побытавай тэхнікай.

Аднапакаёвыя апартаменты катэгорыі luxary

За 207948 даляраў або 526420 рублёў выставілі на продаж аднапакаёвую кватэру, якая знаходзіцца на трэцім паверсе, яе агульная плошча 52 м2, жылы пакой займае 30 «квадратаў».

Адзначана, што жыллё таксама для VIP, тут дызайнерскі рамонт і мэбля. Ёсць сумешчаны санвузел і зашклёная лоджыя. Ёсць вялікая ТВ-панэль у спальні і ў гасцёўні, індывідуальны сейф, сістэма кандыцыянавання.

Яшчэ адна чатырохпакаёвая кватэра на восьмым паверсе прадаецца за 400000 даляраў ці 1012600 рублёў. Агульная плошча – амаль 143 м2, жылая – крыху большая за 98 «квадратаў», кухня – 30 м2. Ёсць два санвузлы, дзве зашклёныя лоджыі.

Як бонус прадавец адзначыў, што дом «парадуе статуснымі і інтэлігентнымі суседзямі, пачынаючы ад вядомых спартоўцаў-прызёраў сусветных чэмпіянатаў і заканчваючы нобелеўскай лаўрэаткай Беларусі ў літаратуры». Раней паведамлялася, што нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч валодае дзвюма кватэрамі ў «доме Чыжа».

Без аздаблення, але ўсё роўна для VIP

У доме прадаюцца таксама кватэры, у якіх так і не зрабілі рамонт, аднак кошты іх даволі высокія. Напрыклад, за 250000 даляраў ці 632875 рублёў прадаюць двушку плошчай 80 м2. З аздаблення толькі ламінаваная падлога, але ўсё роўна адзначана, што гэта жыллё для VIP. Бонусам ідзе эксклюзіўная тэраса з альтанкай.

Тэраса з альтанкай пры двухпакаёвай кватэры

Яшчэ без аздаблення ёсць чатырохпакаёвая кватэра пляцам 304 «квадраты». Нерухомасць каштуе 821000 даляраў або 2078362 рублёў. Адзначана, што кватэра знаходзіцца адна на паверсе, суседзяў побач няма. Вокны жылля «выходзяць на возера». Відаць, маецца на ўвазе рака Свіслач. У кватэры тры санвузлы і тры балконы.

З саўнай за паўтара мільёна даляраў

Трохпакаёвая кватэра на пятым паверсе прадаецца за 1500000 даляраў або 3797250 рублёў. Хочуць прадаць тэрмінова. Агульная плошча – 129 м², жылая – 107. Ёсць два санвузлы і дзве зашклёныя лоджыі.

Кватэра прадаецца з мэбляй, убудаванымі шафамі, побытавай тэхнікай. Устаноўленыя джакузі, відэа-дамафон, металічныя дзверы, сігналізацыя, шклопакеты, ёсць гараж.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках