Навукоўцы палічылі, колькі жыццяў выратавала вакцынацыя ад COVID-19
12- 26.06.2022, 14:07
- 3,932
Прышчэпкі дапамаглі істотна змяніць ход пандэміі.
Масавая вакцынацыя ад каранавіруса, якую абвясцілі ў канцы 2020-га, выратавала амаль 20 мільёнаў жыццяў за адзін год. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Імперскага каледжа Лондана (Вялікая Брытанія), якія пабудавалі матэматычную мадэль. Вынікі іх працы апублікаваныя ў часопісе The Lancet.
Датай пачатку вакцынацыі навукоўцы ўважаюць 8 снежня 2020 года, калі 90-гадовая жыхарка Вялікай Брытаніі Маргарэт Кінан першай у свеце зрабіла прышчэпку прэпаратам ад Pfizer і BioNTech.
Да 8 снежня 2021-га 55,9% насельніцтва свету зрабілі ўкол хаця б першым кампанентам, 45,5% атрымалі дзве дозы, а 4,3% рэвакцынаваліся. «Нягледзячы на неймаверную хуткасць, з якой вакцыны супраць Covid-19 былі распрацаваныя ў 2020 годзе і пасля распаўсюджаныя цягам 2021-га, з моманту першай прышчэпкі ў свеце зафіксавалі звыш трох з паловай мільёнаў смерцяў ад каранавіруса», – пішуць даследчыкі.
У першыя месяцы 2021 года ўплыў вакцынацыі быў мінімальным праз розныя праблемы з інфраструктурай, затрымкай у выпрацоўцы антыцелаў да SARS-CoV-2 і перыяду «чакання» паміж першым і другім уколам. Да таго ж праз абмежаванні паставак прэпаратаў большасць краін пастанавілі спачатку імунізаваць толькі групы рызыкі. Масава гэта пачалі рабіць з сярэдзіны года, а потым запусцілі праграму рэвакцынацыі. Аднак у выніку такі расклад, на думку навукоўцаў, прывёў да «велізарнай няроўнасці ў глабальным размеркаванні вакцын».
Даследнікі выкарыстоўвалі не толькі інфармацыю аб перадачы каранавіруса, вакцынацыі, але таксама ўзялі інфармацыю аб смяротнасці ад Covid-19 і залішняй смяротнасці ад усіх прычын у 185 краінах і тэрыторыях. Сярод іншага яны ацанілі, колькі дадатковых смерцяў можна было прадухіліць, калі б да канца 2021-га ўдалося дасягнуць мэтавых паказчыкаў ахопу вакцынацыяй на ўзроўні 40 адсоткаў, устаноўленых САЗ.
«Грунтуючыся на афіцыйна зарэгістраваных смяротных выпадках ад Covid-19, мы падлічылі, што вакцынацыя прадухіліла 14,4 мільёна смерцяў ад каранавіруса з 8 снежня 2020-га да 8 снежня 2021-га. Гэтая ацэнка дасягала 19,8 мільёна прадухіленых смерцяў ад Covid-19, калі мы ўлічвалі звесткі наконт залішняй смяротнасці як паказчык сапраўдных маштабаў пандэміі», – пішуць навукоўцы.
Такім чынам, за першы год прышчэпкі дазволілі скараціць колькасць смяротных вынікаў ад SARS-CoV-2 на 63% ад агульнай колькасці (паводле ацэнак аўтараў працы, усяго 31,4 мільёна людзей памерлі б за названы перыяд, калі б вакцын не было зусім).
Колькасць выратаваных жыццяў выявілася найбольшай у краінах з высокім узроўнем даходу, асабліва моцным эфект быў у Еўропе: гэта падкрэслівае важнасць больш ранняй і паўсюднай кампаніі імунізацыі. Між тым 96 дзяржаў і адміністрацыйных рэгіёнаў не дасягнулі мэты САЗ прышчапіць 40 адсоткаў насельніцтва да канца 2021 года. Калі б ім гэта ўдалося, 599 300 чалавек былі б жывыя, падсумавалі даследчыкі.