4 траўня 2024, Субота, 2:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто вінаваты ва ўсіх бедах Беларусі?

5
Хто вінаваты ва ўсіх бедах Беларусі?

Улады памянялі ўсе астатнія рынкі на расейскі паводле вельмі нявыгаднага курсу.

Хто вінаваты ва ўсіх бедах Беларусі? Заўсёды ёсць хтосьці, вельмі несяброўскі і зламысны, гатовы ў любы момант разбіць крохкую крышталёвую пасудзіну ў самым цэнтры Еўропы, і, крыважэрна прыцмокваючы, з'есці ўсю высыпаную адтуль соль і грэчку. Самапрызначаны кіроўца за стырном упэўнена паказвае, з якога боку рыхтаваўся напад, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Дык давайце сёння паглядзім на ўсе чатыры бакі свету (тры з якіх сёння для нас зачыненыя), і паспрабуем успомніць, як жа атрымалася так, што мы пасварыліся з усім цывілізаваным светам.

На паўночным захадзе ў нас Літва і Латвія. Гэтыя прыбалтыйскія краіны даўно змагаліся з велізарнай плынню кантрабанды, якая ў апошнія гады стала абуральна вялікай і непрыхаванай. Цярпелі. У той самы час беларускія чыноўнікі шмат разоў дазвалялі сабе абражаць як кіраўніцтва Літвы і Латвіі, так і грамадзянаў. А на заканчэнне пабудавалі каля мяжы АЭС. Са скрыпам, але сышло з рук. Але ў нейкі момант "цярпелка" скончылася. І тады Літва з Латвіяй нечакана сталі "несяброўскімі" ўжо не на словах, а на справе.

Важна разумець, што гэтыя краіны заўсёды былі вельмі зацікаўленыя ў партнёрстве з Беларуссю. Транзіт праз балтыйскія парты даваў нам шырокае акно ў свет, а Прыбалтыйскім краінам вялікую выручку за абслугоўванне беларускіх грузаў. Цяпер жа нам абяцаюць новы партовы тэрмінал у Санкт-Пецярбургу, але нават расейскія эксперты сумняваюцца на ягоны конт як у тэрмінах будаўніцтва, так і ў магчымасцях ягонай загрузкі. У сутнасці, мы самі закрылі сабе выгадны экспартны калідор!

На поўдні – Украіна. Яшчэ зусім нядаўна, у 2021, гандаль таварамі з Украінай складаў 14% ад нашага экспарту – краіна была другой у велічыні гандлёвай партнёркай пасля Расеі. Прычым ва Украіну мы пастаўлялі значна больш, чым набывалі адтуль, такі рынак збыту – мара для любой эканомікі ў развіцці.

Усё гэта безнадзейна страчанае з першымі ракетамі, якія паляцелі ў бок Украіны з нашай тэрыторыі і першымі расейскім вайскоўцамі, якія перасеклі беларуска-ўкраінскую мяжу. Для таго каб аднавіць стасункі пасля заканчэння вайны, могуць спатрэбіцца дзесяцігоддзі.

На захадзе – Польшча. Гэтая краіна была галоўнай нашай партнёркай у транзіце тавараў у Еўразвяз. Партнёрства пачало сканчацца пасля падзей 2020 года і зусім сышло на нішто пасля натоўпаў бежанцаў на мяжы. Але дзіўна – яшчэ ў студзені-красавіку гэтага года на гэтым "варожым" кірунку нават назіраўся рост экспарту (ён вырас на 20%). Верагодна, таму, што беларускі ўрад разумеў: гэта апошні шанец нешта прадаць у ЕЗ, і максімальна актывізаваўся. Але санкцыі пачынаюць працаваць.

На ўсходзе – "сяброўская" Расея. Двукоссі тут не проста так з'явіліся, бо называць сяброўскай краіну, якая непрыхавана імкнецца паглынуць цябе эканамічна і ўводзіць свае войскі, няправільна.

Мы прамянялі ўсе названыя вышэй рынкі на адзін – расейскі. Палітычны бок гэтага працэсу, зразумела, ніяк не звязаны з эканомікай. Для кіраўнікоў Беларусі і Расеі цяпер важнае толькі пытанне выжывання, яны не лічаць грошы і не лічацца з добрасуседскімі стасункамі.

Але калі ўсё ж загаворым пра эканоміку, важна разумець, што мы не зможам пераарыентаваць на Расею ўсё тое, што страчваем з іншымі суседзямі. Акрамя таго, мы перастаем канкураваць на ўзроўні еўрапейскіх вытворцаў і гэта выльецца ў дэградацыю ўсёй вытворчасці краіны.

Кажучы простай алегорыяй, мы памянялі ўсе астатнія рынкі на расейскі паводле вельмі нявыгаднага курсу. І парадокс у тым, што наймацнейшы ўдар па нашай эканоміцы нанясе ў выніку менавіта расейскі рынак, ад якога мы ўжо татальна залежым.

Кожную з гэтых пагрозаў нашае кіраўніцтва стварыла самастойна. Трэба было вельмі напружыцца, каб сітуацыя зайшла настолькі глыбока ў тупік, але ў іх гэта атрымалася. Цяпер ужо не мы адгароджваемся ад знешняга свету, а прымушаем яго адгарадзіцца ад нас. Гэты плот выбудоўваецца з трох бакоў, чацвёрты застаўся адчыненым, але менавіта праз гэтую мяжу да нас стала прыязджаюць танкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках