Мікалай Статкевіч: Я сваёй пазіцыі не мяняю
7- 13.07.2022, 17:37
- 10,098
ФОТА: CHARTER97.ORG
Лідара беларускай апазіцыі пазбавілі спатканняў у калоніі.
Жонка лідара беларускай апазіцыі, палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч атрымала ад яго чарговы ліст. Яна публікуе яго ў «Фэйсбуку».
«Тут сёння размяркоўвалі па атрадах, - цытуе яна ліст Статкевіча ад 4 ліпеня. - Мяне размеркавалі ў 7-ы. На камісіі мне паведамілі, што мая традыцыйная заява ўпершыню не задаволеная. Бо пагрозы ад «кантынгенту» мне няма, што я і сам ведаю. а пагрозу ад супрацоўнікаў МУС яны не прызнаюць. Але мой досвед сведчыць аб супрацьлеглым. Таму, каб не ставіць пад пагрозу сябе, сваіх блізкіх і знаёмых, я адмоўлюся «сядзець» са спецыяльна падабранымі мне сукамернікамі. Аб чым і заявіў на гэтай камісіі.
Ну вось, толькі напісаў гэтыя радкі, як у камеру зайшла група супрацоўнікаў, каб «у апошні раз» прапанаваць мне адмовіцца ад сваёй пазіцыі. Лёгкія на памоўцы.
Я сваёй пазіцыі не мяняю.
Таму мне сказалі, што я буду пакараны і буду сядзець у адзіночнай камеры ў выглядзе пакарання. Шчыра кажучы, чакаў гэтага варыянта. Дарэчы, як мне здаецца, калі б я і не пісаў ніякіх заяваў, усё адно, да яго справа дайшла б…»
І вось яшчэ якую храналогію прыводзіць Марына Адамовіч з турэмнага жыцця мужа:
«5-га ліпеня - абвешчаная вымова,
6-га ліпеня быў пазбаўлены перадачы (адзінай за год паводле рэжыму),
7-га ліпеня - адпраўлены ў ШІЗА на восем дзён,
12-га ліпеня - пазбаўлены спаткання,
15-га ліпеня мусіць выйсці з ШІЗА.
Магчыма, будзе прадаўжэнне, як думае сам Мікалай…»