20 траўня 2024, панядзелак, 20:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі зноў ажыятаж вакол цукру

16
У Беларусі зноў ажыятаж вакол цукру

Чаму ўзбурыліся чыноўнікі, і якая сітуацыя з гэтым таварам.

У Берасці ды Пінску тутэйшыя жыхары ў нядзелю 17 ліпеня атакавалі крамы, скупляючы цукар, спасылаючыся на чуткі аб надыходзе моцнага падаражэння прадукта. На наступны дзень чыноўнікі сталі актыўна зняпраўджваць чуткі аб росце цаны цукру і запэўніваць, што запасаў прадукта на заводах дастаткова для забеспячэння патрэб унутранага рынку. «Зеркало» разбіралася, якая сітуацыя ў Беларусі з гэтым прадуктам: цукровыя буракі вырошчваем з імпартнага насення, ураджай летась быў горшы, чым чакалася, улады пільна сочаць за цаной, але ўсё адно за паўгода тавар падаражэў на 49%.

Ураджай горшы за чаканы і небяспечныя для галіны санкцыі

Белы цукар, які цяпер прадаюць у крамах, робяць з леташняга ўраджаю цукровых буракоў. Летась чыноўнікі разлічвалі сабраць 5 млн тон цукровых буракоў. Патрэбы айчыннага рынку ў цукры, паводле заяў улад, складаюць блізу 360 тысяч тон за год. З улікам таго, што з адной тоны цукровых буракоў атрымліваецца блізу 100-150 кілаграм цукру, то гэтага аб'ёму вырашчанага караняплода стала б на задавальненне ўнутранага попыту. Яшчэ 200-260 тысяч тон прадукта, вырабленага з караняплода таго ўраджаю, планавалася экспартаваць.

Але фактычна ўраджай быў бяднейшым - 3,87 млн тон. Гэта на 3,5% менш, чым годам раней. У выніку план 5 млн тон сабраных караняплодаў перанеслі на 2022 год. У хоць у міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання мяркуюць, што для забеспячэння ўнутранага рынку цукрам дастаткова сабраць 3 млн тон буракоў.

Вырошчваюць цукровыя буракі ў нашай краіне з імпартнага насення, збольшага набытага ў краінах ЕЗ. У тым ліку 149 тон насення летась завезлі з Нямеччыны. Увесь жа імпарт насення склаў 327 тон. Пры гэтым летась невялікую частку гэтага насення беларускія кампаніі прымудрыліся рээкспартаваць у Сербію і Расею.

Залежнасць ад імпарту насення ў варунках санкцый тэарэтычна магла б прычыніцца да праблем для новага ўраджаю. Аднак міністр сельскай гаспадаркі ды харчавання Ігар Брыло запэўніваў, што на гэты год насення закупілі дастаткова. А далей "навука на працягу года-двух давядзе да розуму наша беларускае насенне", упэўнены чыноўнік.

Запасы цукру ёсць, але экспарт абмяжоўвалі

Нягледзячы на менш паспяховы ўраджай, летась Беларусь моцна скараціла імпарт цукру. Калі ў 2019 годзе ў краіну завезлі 85,5 тысячы тон цукру, а ў 2020-м - 43,9 тысячы, то ў 2021-м - толькі 3,2 тысячы тон. Экспартавалі гэтага прадукту нашмат больш: 278 тысяч тон у 2019-м, 445 тысячы - у 2020-м і 206 тысяч у 2021-м. Характэрна, што летась беларускі цукар мы прадавалі за мяжу танней, чым увозілі ў краіну імпартны: у сярэднім за 0,55 і 0,66 даляра за кілаграм адпаведна.

Якім быў імпарт гэтага тавару ў першым паўгоддзі 2022-га, невядома, бо Белстат стаў хаваць дэталёвую статыстыку замежнага гандлю таварамі.

За дзень у краіне вырабляюць блізу 4,7 тысячы тон цукру, расказваў раней віцэ-прэм'ер Аляксандр Субоцін. На піку попыту, калі людзі робяць нарыхтоўкі на зіму, спажыванне прадукта зазвычай павялічваецца да 1200 тон. А ў сярэднім складае 800-900 тон. Паводле ягоных слоў, вытворцы здольныя забяспечыць унутраны попыт і адправіць частку тавару на экспарт.

У канцэрне "Белдзяржхарчпрам" у красавіку запэўнівалі, што запасаў цукру ў краіне дастаткова для таго, каб забяспечыць патрэбы як насельніцтва, так і вытворцаў цукразмяшчальнай прадукцыі да пачатку сезона перапрацоўкі ў верасні гэтага года.

Аднак паралельна з запэўненнямі ўладаў аб стабільнай сітуацыі з гэтым прадуктам, з сакавіка пачалі абмяжоўваць яго экспарт для бізнэсу і вываз для фізічных асоб.

У траўні стала вядома, што ў Беларусь сёлета ўвязуць блізу 20 тысяч тон цукру "для забеспячэння збалансаванасці на спажывецкім рынку і прамысловай перапрацоўкі". Заява тады выклікала ў насельніцтва пытанні аб сітуацыі з прадуктам. Але ўсё ж гэта не вельмі вялікі аб'ём увозу, улічваючы, што толькі ў першым квартале імпарт цукру склаў 383 тоны.

Цана пад строгім кантролем уладаў расце нязвыкла хутка

У сакавіку беларускія вытворцы атрымалі дазвол на павышэнне цаны продажу цукру на 60 капеек за кілаграм. У «Белдзяржхарчпраме» гэтую пастанову патлумачылі вялікай розніцай у цане з расейскім рынкам, дзеля чаго прадукт, як сцвярджаецца, вывозілі ў суседнюю краіну.

- Ужо ў сакавіку мы мелі двухразовую розніцу ў цане з Расеяй: у РФ цукар быў удвая даражэйшы. Вядома, прадпрымальныя людзі гэтым скарысталіся і рэалізоўвалі цукар на тэрыторыі нашай краіны-суседкі, - тлумачыў тады старшыня канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Аляксандр Якоўчыц.

Цукар уваходзіць у лік прадуктаў, за цаной якога ўлады сочаць з асаблівай увагай. Але нягледзячы на гэта, за паўгода ён падаражэў на 49%. Выходзіць, што нават пад пільным кантролем чыноўнікаў прадукт моцна даражэе.

Да верасня цукар вырабляюць з буракоў леташняга ўраджаю, а пасля - з новага. Лагічна меркаваць, што з таго месяца сабекошт вырабу цукру можа змяніцца ў залежнасці ад таго, якім будзе ўраджай і які складзецца кошт закупу цукровых буракоў для перапрацоўчых заводаў. Пра магчымую змену з восені ўскосна сведчыць заява прадстаўніка «Белдзяржхарчпрама» Ігара Груца аб тым, што «сфармаваны запас прадукцыі дае падставы для захавання цяперашняй цаны цукру». Гэта значыць, чыноўнік кажа аб тым, што цана не будзе расці, пакуль ёсць запасы прадукту і сыравіны, але не гарантуе захавання яго цаны пасля збору новага ўраджаю.

Пасля ажыятажнага попыту ў Берасцейскай вобласці наконт цаны прадукту стаў супакойваць і МАРГ, дзе запэўніваюць, што прапановы аб павышэнні цаны цукру "нават не абмяркоўваюцца". Там жа заяўляюць, што разам з гандлёвымі сеткамі наважылі павялічыць аб'ёмы паставак у крамы.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках