4 чэрвеня 2024, aўторак, 9:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Дзённікі ранейшыя за 2022 год выпуску сказалі не браць»

6
«Дзённікі ранейшыя за 2022 год выпуску сказалі не браць»

Колькі цяпер каштуе падрыхтаваць беларускае дзіця да школы?

«Салідарнасць» прайшлася ў Менску па шэрагах з канцылярскімі прыладамі для школы і ацаніла маштабы, як ідэалогія прабіраецца ў школьныя будні беларусаў.

Зазіраем у звычайны, хоць і вялікі, сталічны супермаркет. Паміж шэрагамі цацак і тавараў для творчасці традыцыйна некалькі пад завязку запоўненых стэлажоў са сшыткамі і альбомамі, асадкамі і алоўкамі, пластылінам, фарбамі, тэчкамі і вось гэтым усім.

Але першымі ў вочы кідаюцца дзённікі. «Дзённік – твар вучня», – шмат гадоў таму вяшчала мая класная. Калі зыходзіць з гэтага пасылу, твары ў цяперашніх беларускіх школьнікаў шмат у чым аднолькавыя і напышліва-патрыятычныя.

На вокладцы – альбо бусел, альбо мапа Беларусі, альбо тое і другое адразу. Наперадзе на форзацы – тэкст гімна (генпракурор сказаў, што дзеці будуць слухаць і спяваць яго ў школе – мабыць, проста з дзённікаў на класнай гадзіне). На заднім форзацы – пералік дзяржсвятаў і памятных датаў, дарэчы, даволі цікавы.

Напрыклад, тут указаны Дзень беларускай навукі і Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, але няма Дня абароны дзяцей.

– Такі не бярыце, – раіць супрацоўніца крамы, якая ўкладвае побач роўныя стосы сшыткаў, – у школе могуць не прыняць.

– Гэта як увогуле?! – шчыра здзіўляюся.

– У нас у школе настаўнікі адразу папярэдзілі бацькоў: дзённікі раней за 2022 год выпуску не браць. Бо ў старых, як бачыце, не пазначаны Дзень народнага адзінства. Вы лепш таксама не спяшайцеся, можа, гэта ва ўсіх школах распараджэнне.

Дарэчы, крыху пазней у аддзеле канцтавараў ГУМа мы сапраўды знаходзім цэлую паліцу з дзённікамі – тут ужо няма ніякіх сціплых буслоў, затое ёсць Нацыянальная бібліятэка, плошча Перамогі, Мірскі замак, камбайн у полі – і, вядома, занесены ў пералік святаў «Дзень народнага адзінства».

Тонкія вучнёўскія сшыткі значна менш заідэалагізаваныя – у дзяржаўным універмагу і спецыялізаванай канцылярскай краме пануе прыемная разнастайнасць.

Нам трапіліся цудам нават стыльныя, яркія і даволі недарагія сшыткі з элементамі беларускага арнаменту. Але вось на самых танных, 18-капеечных сябрах школьніка, выяўляецца сёе-тое цікавае.

Памятаеце эксперымент беларускіх уладаў, якія выкарыстоўваюць папяровыя жыроўкі для прапагандысцкіх адозваў і «развянчання міфаў пра бчб-сцяг»? Добрушская папяровая фабрыка – а менавіта яна выпускае самыя танныя сшыткі і самую жоўтую офісную паперу – пачала з малога: на адвароце вытрымкі з Правілаў дарожнага руху і асобна правілы для раварыстаў.

Увогуле, прыдумка карысная. Але, мусіць, у школе важнейшая табліца множання і меры даўжыні, аб'ёму, масы, якія прадаўжаюць друкаваць на сшытках іншыя вытворцы?

Зрэшты, свае падводныя камяні ёсць і ў «ідэалагічна нейтральных» сшыткаў.

– Я вось гэтыя выбрала, яны яркія і клеевые, давай возьмем! – працягвае маме стосік сшыткаў дзяўчынка гадоў дзесяці.

– Ты ж бачыш, гэта расейскія – тут напісана «вучні», а ў нас – «навучэнцы», зноў завуч будзе лаяцца, – не згаджаецца жанчына.

– Ды я наклею тут замест лінеек папяровыя квадрацікі і ўсё падпішу, як ім трэба. Давай, а?

– Добра, з умовай, што акуратна ўсё аформіш. Павінна ж і ў школе быць нешта яркае, – згаджаецца мама.

Успамінаю, як у свой час зламала нямала дзідаў у школе, спрабуючы даведацца, які сакральны ўплыў робіць на паспяховасць фармулёўка «навучэнец», а не «вучань», ці, скажам, поле шырынёй 4 клетачкі, а не 5 – нічога, апроч «існуюць нормы і правілы», так і не даведалася.

*

Пасля шматгадзіннага вывучэння асартыменту іншых пісьмовых і канцылярскіх прыладаў для школы – на рынку, у супермаркеце, спецыялізаванай краме і дзяржунівермагу – прыходзім да некалькіх высноваў.

Па-першае, кошты няхай і нязначна на агульным фоне двухзначнай інфляцыі, але выраслі, і да 1 верасня, верагодна, яшчэ падрастуць. На рынку, дзе выбар цяпер невялікі, прадаўцы шчыра сказалі нам: «Хутка будзе вялікі завоз, але там усё даражэйшае». А дзе-нідзе ў дзяржкрамах якраз праходзіў пераўлік у школьных аддзелах.

Па-другое, асартымент, зноў жа, не нашмат, але паменшыўся. Французскі Maped або аўстрыйскі Kores у некаторых крамах зусім знік, а вось кітайскага Deli і расейскай ГАММА навалам.

Нарэшце, па-трэцяе, школьная канцылярыя не патрапіла пад татальную стандартызацыю і ідэалагізацыю. Вучнёўскія ранцы і альбомы не адзначаныя, як адзін, дзяржгербам, а для вокладак для сшыткаў і падручнікаў не рэкамендаваныя строга чырвоныя і зялёныя колеры.

А што з коштамі? Летась, паводле падлікаў аблвыканкамаў, набор пісьмовых і канцылярскіх прыладаў павінен быў абысціся бацькам на суму ад 30 да 120 рублёў. На практыцы, як правіла, атрымлівалася даражэй. Сёння мінімум 30 рублёў каштуе ўжо гатовы «набор першакласніка», да якога ўсё роўна спатрэбіцца набываць розныя дробязі – але ёсць крамы, дзе адна толькі падстаўка для падручнікаў большая за гэтую суму, так што верхняя планка абмежаваная толькі «хацелкамі» дзяцей і бюджэтам бацькоў.

І гэта не беручы да ўвагі школьнай формы з прыдуманымі Мінадукацыяй асаблівымі адметнымі элементамі для кожнай установы адукацыі.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках