У Сэнаце ЗША прадставілі праект рэзалюцыі аб прызнанні дзеянняў РФ ва Украіне генацыдам
4- 21.07.2022, 21:39
- 5,202
Праект падтрыманы прадстаўнікамі абедзвюх партый.
Група высокапастаўленых прадстаўнікоў абедзвюх партый Злучаных Штатаў Амерыкі прадставіла ў Сэнаце праект рэзалюцыі, якая на аснове некалькіх крытэрыяў прызнае дзеянні Расеі падчас поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, прымусовую дэпартацыю і масавыя забойствы мірных жыхароў, генацыдам украінскага народа. Пра гэта паведамляе прэс-служба Камітэта Сэната ЗША ў міжнародных дачыненнях.
Аўтарамі дакумента выступілі Джым Рыш, Бэн Кардзін, Рычард Блюменталь, Роджэр Вікер, Джын Шахін, Роб Портман і Ліндсі Грэм.
«Няма сумневаў у тым, што дзеянні Расеі ва Украіне з'яўляюцца генацыдам… Міжнародная супольнасць дакументуе шматлікія жорсткасці РФ, якія з'яўляюцца вайсковымі злачынствамі, ва ўсёй Украіне. Час Злучаным Штатам і свету прызнаць іх генацыдам», - заявіў былы кіраўнік Камітэта ў міжнародных стасунках Джым Рыш.
У сваю чаргу Бэн Кардзін, кіраўнік Хельсінскай камісіі ЗША, адзначыў, што расейская вайна супраць Украіны не абмяжоўваецца забойствам людзей і разбурэннямі будынкаў - РФ спрабуе таксама знішчыць украінскую мову, гісторыю і культуру.
«Гэта генацыд. Свет павінен прызнаць гэты факт, а вінаватыя павінны несці адказнасць», - падкрэсліў ён.
Роб Портман, сустаршыня Групы падтрымкі Украіны ў Сэнаце ЗША, адзначыў, што агрэсар мэтанакіравана робіць абстрэлы школ, радзільняў, лякарняў, жылля і іншай цывільнай інфраструктуры. Ён нагадаў, што акупанты таксама здзяйсняюць сэксуальны гвалт супраць украінцаў і прымусова дэпартуюць сотні тысяч дзяцей на тэрыторыю РФ.
«У спалучэнні з паслядоўным адмаўленнем Расеяй існавання ўкраінскай нацыі і ідэнтычнасці гэтыя акты павінны быць прызнаныя такімі, якімі яны з'яўляюцца - генацыдам - і важна, каб Злучаныя Штаты і астатні свет прызналі іх такімі», - падкрэсліў Портман.
Таксама Роджэр Вікер дадаў, што Украіна павінна дабіцца поспеху ў супрацьдзеянні ўварванню Расеі, а Рычард Блюменталь заклікаў прызнаць РФ дзяржавай-спонсарам тэрарызму.
Апроч вызначэння пунктаў, паводле якіх дзеянні расейцаў могуць быць прызнаныя генацыдам украінскага народа, рэзалюцыя асуджае РФ за ўчыненне актаў генацыду, заклікае ЗША і хаўруснікаў з NATO і ЕЗ падтрымаць Украіну ў прадухіленні іншых ваенных злачынстваў агрэсара, а таксама ўхваляе дзейнасць трыбуналаў і міжнародных крымінальных расследаванняў. Мэтай прыцягнення да адказнасці расейскіх палітыкаў і вайскоўцаў.
Раней ЗША ўключылі Расею ў спіс краін, якія праводзяць «палітыку ці практыку» гандлю людзьмі, прымусовай працы ці тых, чые сілы бяспекі ці ўзброеныя групы, якія падтрымліваюцца ўрадам, вярбуюць або выкарыстоўваюць дзяцей у якасці салдат.