20 траўня 2024, панядзелак, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ледавікі ў Альпах знікаюць з рэкорднай хуткасцю

3
Ледавікі ў Альпах знікаюць з рэкорднай хуткасцю

Усяму віной рэкордная спякота.

Ледавікам у Альпах сёлета пагражае самая вялікая страта масы за 60 гадоў.

Вымяраючы розніцу ў колькасці снегу, які выпаў узімку, і ў колькасці раставання лёду ўлетку, навукоўцы могуць высветліць, наколькі зменшыўся ледавік у кожны канкрэтны год, піша Reuters.

Пасля мінулай зімы, калі выпала параўнальна мала снегу, Альпы перажылі дзве вялікія хвалі цяпла на пачатку лета, у тым ліку адну ў ліпені, адзначаную тэмпературай блізу 30 градусаў паводле Цэльсію ў швайцарскай горнай вёсцы Цэрмаце. Падчас гэтай хвалі цяпла вышыня, на якой змерзла вада, склала 5184 мэтры пры нармальным летнім узроўні 3000-3500 мэтраў.

Адзначаецца, што большасць горных ледавікоў свету, якія з'яўляюцца рэшткамі апошняга ледавіковага перыяду, адыходзяць праз змену клімату. Але ледавікі ў еўрапейскіх Альпах асабліва ўразлівыя, бо яны меншыя памерам і маюць параўнальна невялікае ледзяное покрыва. Тым часам тэмпература ў Альпах расце прыкладна на 0,3 градуса Цэльсію за дзесяцігоддзе - у два разы хутчэй, чым у сярэднім у свеце.

Калі выкіды цяплічных газаў будуць далей расці, чакаецца, што пад 2100 года ледавікі Альпаў страцяць больш за 80% сваёй цяперашняй масы, сцвярджаецца ў справаздачы міжурадавай групы экспертаў ААН у змене клімату за 2019 год.

Ужо цяпер ледавік Мортэратч (Швайцарыя) моцна змяніўся ў параўнанні з выявамі на турыстычных картах рэгіёну. Даўжыня яго "языка", які калісьці даходзіў да даліны, скарацілася амаль на 3 кіламэтры. А глыбіня снегавога і ледзянога покрыва зменшылася на 200 мэтраў.

Да 2017 года ў Мортэратч упадаў паралельны ледавік Пэрс, але цяпер ён адступіў настолькі, што паміж імі ляжыць палоса жвіру, якая расшыраецца.

Цяжкая сёлетняя сітуацыя выклікае асцярогі, што альпійскія ледавікі могуць знікнуць раней, чым чакалася. Са слоў кіраўніка арганізацыі маніторынгу ледавікоў у Швайцарыі (GLAMOS) Матыяса Гаса, гэта можа адбыцца ўжо ў наступныя гады, нават у 2022 годзе.

"Мы бачым, што вынікі мадэлі, якія чакаюцца праз некалькі дзесяцігоддзяў, адбываюцца цяпер. Я не чакаў убачыць такі экстрэмальны год так рана ў гэтым стагоддзі", - сказаў Гас.

Гляцыёлагі з Аўстрыі, Францыі ды Італіі пацвердзілі Reuters, што ледавікі там знаходзяцца на шляху да рэкордных страт. Да прыкладу ў Аўстрыі "ледавікі вольныя ад снегу аж да вяршыні", кажа Андрэа Фішэр, гляцыёлаг з Аўстрыйскай акадэміі навук.

Сэзонны снегапад, апроч папаўнення страчанага ўлетку лёду, абараняе ледавікі ад наступнага раставання, утворачы белае покрыва, якое адлюстроўвае сонечнае святло назад у атмасфэру лепш, чым гэта можа зрабіць цямнейшы лёд, забруджаны пылам. Але на ледавіку Гранд-Этрэ на паўночным захадзе Італіі мінулай зімой назапасілася толькі 1,3 мэтра снегу, што на 2 мэтры менш за сярэднегадавы паказчык за 20 гадоў да 2020 года.

Звесткі, прадстаўленыя агенцтву Reuters, паказваюць, што ледавік Мортэрач цяпер траціць блізу 5 сантымэтраў штодзень і ўжо знаходзіцца ў горшым стане, чым зазвычай у канцы сярэдняга лета. Суседні ледавік Сільврэта страціў прыкладна на 1 мэтар больш, чым у той жа момант у 1947 годзе - найгоршым годзе ў яго базе звестак, пачынаючы з 1915 года.

Ледавікі ў Гімалаях таксама растаюць

Навукоўцы паведамілі Reuters, што гімалайскія ледавікі таксама знаходзяцца на шляху да рэкорднага года страты лёду. Калі, напрыклад, у рэгіёне Кашміра надышоў сэзон летніх дажджоў, шмат якя ледавікі ўжо моцна скараціліся, а іх снегавая лінія пачыналася высока ў гарах пасля хвалі цяпла ў сакавіку-траўні, адзначанай тэмпературай вышэйшай за 48°C у паўночнай Індыі.

Экспедыцыя на пачатку чэрвеня ў індыйскім штаце Гімачал-Прадэш выявіла, што ледавік Чхота Шыгры страціў большую частку свайго снегавога покрыва. "Самая высокая тэмпература за больш як стагоддзе з сакавіка да траўня відавочна зрабіла свой уплыў", - сказаў гляцыёлаг Мохд Фарук Азам з Індыйскага тэхналагічнага інстытута ў Індары.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках