Мільярды Людмілы Пуцінай: каманда Навальнага выпусціла новае расследаванне
18- 5.08.2022, 11:56
- 32,258
Былая жонка кіраўніка РФ актыўна скупляе нерухомасць у Еўропе.
Паплечнікі зняволенага расейскага палітыка Аляксея Навальнага задаліся пытаннем, куды знікла былая жонка Уладзіміра Пуціна Людміла пасля іх разводу. Ім удалося даведацца аб уладаннях яе новага мужа, вялізных даходах ад маскоўскай нерухомасці, дзеляў у бізнэсе і жыцці за мяжой. Новы фільм-расследаванне з'явіўся на канале Навальнага 4 жніўня.
Даследчыкі адзначаюць, што Людміла Пуціна заўсёды была ў цені, амаль не з'яўлялася на публіцы. Аднак ім удалося знайсці «Жывы журнал», які, як мяркуюць паплечнікі Навальнага, Пуціна таемна вяла да 2008 года. Іх шлюб з расейскім прэзідэнтам тады ўжо быў толькі фіктыўным, адзначаюць у відэа. У 2013-м Людміла развялася з Пуціным, фармальна не атрымаўшы нічога з яго маёмасці, а ў 2015-м выйшла замуж за бізнэсоўца Артура Ачарэтнага і ўзяла ягонае прозвішча.
Асноўны фокус у фільме зроблены на крыніцы даходу Пуцінай-Ачарэтнай. Галоўным з іх, як мяркуюць аўтары, з'яўляецца старажытная камяніца на Уздзвіджэнні каля Крамля з 40 соткамі зямлі. Калі Пуціна ў 2000-х стала апекуном фонду «Цэнтр развіцця расейскай мовы», гэты будынак аддалі фонду ва ўласнасць. У 2009 годзе фонд змяніў назву на «Цэнтр развіцця міжасобасных камунікацый», а праз год яго дырэктарам стаў Артур Ачарэтны. Ён кіруе ім дагэтуль, а Людміла да яго фармальна дачынення не мае.
Хоць сайт фонду не абнаўляецца больш за год, ён актыўна спансуецца бізнэсамі і не толькі. Найбуйнейшыя спонсары - урад Масквы, «Газпрамбанк» і «Северсталь» (які валодае блізкі да Пуціна алігарх Аляксей Мардашоў). Толькі ад мэрыі Масквы фонд за апошнія тры гады атрымаў 175 млн расейскіх рублёў (амаль 3 млн даляраў), а ад усёй троіцы - больш за 400 млн (больш за 6,6 млн даляраў). Цікавыя і выдаткі фонду. Сярод іх - дарагая італьянская мэбля і мільённыя пералічэнні на рахунак спартыўнага трэнера.
Пры гэтым самой Людміле Ачарэтнай належыць кампанія «Мерыдыян», якая здае ў субарэнду памяшкання ў «доме Валконскага». Каманда Навальнага займела банкаўскія выпіскі, якія сведчаць, што толькі за сакавік 2020 года Людміла атрымала на свой асабісты рахунак 192 млн рублёў (больш за тры млн даляраў) ад «Мерыдыяна».
Знайшліся і бізнэс-актывы Пуцінай-Ачарэтнай: так, ёй належаць дзелі ў мікрафінансавай арганізацыі «Кармані» і сэрвісе ў арэндзе смартфонаў «Запроста!».
Акрамя таго, даследчыкі выявілі, што былая жонка Пуціна актыўна скупляе нерухомасць у Еўропе. Знайшліся некалькі аб'ектаў, аформленых на яе новага мужа: гэта дом на французскім курорце Біярыц, дзе калісьці адпачывала пара Пуціных, а таксама дзве кватэры ў гішпанскай Малазе і кватэра ў швайцарскім Давосе.