Расейскі рынак для МАЗа закрываецца
18- 5.08.2022, 20:05
- 25,090
Беларускае прадпрыемства знізіла продажы ў РФ на 31%.
Продажы МАЗа ў Расеі падаюць на фоне скарачэння рынку новых грузавікоў, сведчаць звесткі агенцтва «Аўтастат», заснаваныя на інфармацыі аб рэгістрацыі аўтамабіляў.
У студзені-ліпені расейскі рынак грузавікоў скараціўся на 20,8% да 44,3 тысячы аўтамабіляў. Новыя рэгістрацыі МАЗаў пры гэтым упалі на 31% да 2343 адзінак.
У ліпені расейскі рынак упаў на 30,6% да 9575 аўто, а МАЗ паказаў падзенне на 42,4% да 547 адзінак.
Дзель беларускага вытворцы ў ліпені 2022 года скарацілася да 5,3 адсотка. Год таму яна складала 6,1 адсотка.
Лідарам расейскага рынку за сем месяцаў застаўся КамАЗ. Яго продажы скараціліся на 12,1% да 17,56 тысяч адзінак.