Расея не можа вызначыцца з датай сыходу з МКС
12- 5.08.2022, 18:14
- 3,936
МКС была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 1998 годзе.
Расея не будзе спяшацца з выхадам з праекту МКС. У “Раскосмасе” растлумачылі, што гэта можа быць і ў 2025 годзе, і ў 2028-м, і ў 2030-м. Дакладная дата будзе вызначацца тэхнічным станам станцыі.
“Тое, што было сказана пра выхад Расеі пасля 2024 года, гэта азначае, што да 2024 года ніякіх рэзкіх крокаў не будзе. І 2025 год — пасля 2024 года, 2028-ы — гэта таксама пасля 2024 года, і 2030 год”, — патлумачыў выканальны дырэктар дзяржкарпарацыі пілатаваных праграмаў Сяргей Крыкалёў (цытата паводле “Інтэрфакса”).
Планы выхаду Расеі з праекта МКС агучыў новы кіраўнік “Раскосмасу” Юрый Барысаў на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным 26 ліпеня. Паводле словаў Барысава, асноўным прыярытэтам дзейнасці дзяржкарпарацыі ў пілатаванай касманаўтыцы стане стварэнне новай арбітальнай станцыі. “Безумоўна, мы выканаем усе свае абавязальніцтвы перад нашымі партнёрамі, але пастанова пра сыход з гэтай станцыі пасля 2024 года прынятая”, — адзначаў новы кіраўнік.
МКС была ўведзеная ў эксплуатацыю ў 1998 годзе. У студзені 2022 года NASA заявіла, што станцыя прапрацуе да 2030 года, і ЗША ўзялі абавязальніцтвы падаўжэння тэрміну працы.
Пра тэхнічныя праблемы расейскага сегмента МКС – расколіны ў корпусе – заяўляў кіраўнік палётаў Уладзімір Салаўёў. Пасля 2025-га ён спрагназаваў лавінападобны выхад з ладу іншых яе элементаў.
Інфармацыя, што Расея пабудуе ўласную касмічную станцыю, з'явілася яшчэ ў 2014 годзе. Меркавалася, што яе разгорнуць да 2019-га. Пазней Уладзімір Пуцін заяўляў, што арбітальную станцыю створаць да 2023 года. Сам Барысаў, знаходзячыся на пасадзе віцэ-прэм'ера, адказнага за развіццё касмічнай сферы, называў датай вываду на арбіту 2024 год. Ранейшы кіраўнік “Раскосмасу” Дзмітрый Рагозін тлумачыў неабходнасць пабудовы РАСС яе “ваенна-прыкладным” прызначэннем. Менавіта таму, тлумачыў ён, у праекце не мяркуецца замежны ўдзел.