Падлетка высадзілі з маршруткі праз недастатковую сталасць для самастойнай язды
13- 5.08.2022, 18:31
- 9,204
Гэта законна?
У рэдакцыю «Анлайнера» звярнулася Ларыса, маці 14-гадовага хлопца, высаджанага кіроўцам з маршруткі. Як высветлілася, васьмікласніка, які сам ходзіць у паліклініку і ездзіць на цягніках, у маршрутцы павінны суправаджаць бацькі. І вось дылема: 14 яму ўжо ёсць, але пракаціцца ў салоне яму не дазволілі. Ці правамоцна?
– Сын павінен быў ехаць на маршрутках Валожын – Менск аб 11-й. Рэйсы заказвала я на свой нумар тэлефона. Аб 11-й мне патэлефанавала дыспетчарка перавозніка і сказала, што кіроўца не ўзяў дзіця. Сына да маршруткі падвозіў дзядуля. Ён спяшаўся, не стаў чакаць яе і з'ехаў раней. Магчыма, калі б ён застаўся і пагутарыў з кіроўцам, сітуацыя развівалася б па-іншаму... І, наколькі я разумею, паказаны кіроўцам і дыспетчарам ўзрост «да 14 гадоў» мае на ўвазе, што з 14 гадоў дзіця можа ездзіць самастойна.
А што гаворыць закон?
– У гарадскіх і прыгарадных аўтаперавозках дзіця, пачынаючы з 14 гадоў, мае права ажыццяўляць праезд без суправаджэння дарослага. Напрыклад, пунктам 224 Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў вызначана, што пасажыр абавязаны забяспечыць суправаджэнне пры гарадскіх і прыгарадных аўтамабільных перавозках дзіцяці да 7 гадоў, пры міжгародніх перавозках – да 14 гадоў і пры міжнародных – да 16 гадоў, – расказвае юрыстка Таццяна Равінская.
– Таму ў дачыненні да канкрэтнай сітуацыі дзеянні кіроўцы з'яўляліся няправільнымі. У кіроўцы пры дапамозе дыспетчаркі і пры наяўнасці нумара тэлефона маці дзіцяці была магчымасць высветліць сапраўдны ўзрост няпоўнагадовага і развязаць пытанне без негатыўных наступстваў.
Нялішнім будзе нагадаць правілы перавозкі дзяцей іншымі відамі транспарту.
Так, у самалёце без суправаджэння дарослых могуць падарожнічаць дзеці ад 5 да 12 гадоў. У гэтым выпадку суправаджаць дзіця будзе перавознік, калі такая перавозка прадугледжаная правіламі перавозніка. Для гэтага вылучаецца супрацоўнік, які кантралюе дзіця да пасадкі яго ў самалёт і дапамагае ў праходжанні неабходных працэдураў. Дзіця забяспечваецца асобным месцам і мае права на бясплатны правоз багажу адпаведна таму, як вызначана авіякампаніяй-перавозніцай для дарослага пасажыра. Акрамя таго, дзіця павінна быць забяспечанае торбачкай з наяўнасцю ў ёй авіяквітка з пацвярджэннем бранявання на ўсіх адрэзках маршруту перавозкі, пашпарта, пасведчання аб прышчэпках (у краіны, дзе гэта патрэбна), заявы бацькоў. Пры пасадцы ў самалёт назіранне за дзіцем ажыццяўляе бортправаднік.
Дзеці ва ўзросце ад 12 гадоў могуць перавозіцца без суправаджэння дарослага. Аднак на просьбу законных прадстаўнікоў дзіцяці перавозка пад наглядам перавозніка можа распаўсюджвацца на дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў.
Праезд дзіцяці на цягніку без суправаджэння дарослага таксама залежыць ад таго, колькі дзіцяці гадоў. Калі дзіця (ч. 1 п. 22 Правілаў перавозак пасажыраў, багажу і грузабагажу чыгуначным транспартам агульнага карыстання):
старэйшае за 10 гадоў, то дапускаецца, каб яно ехала на цягніку без суправаджэння дарослага;
малодшае за 10 гадоў, то адпраўляць яго ў такую паездку аднаго нельга, нават у тым выпадку, калі, напрыклад, мама пасадзіць дзіця на цягнік на станцыі адпраўлення, а пасля прыбыцці яго забярэ з цягніка іншы сваяк. У дарослага суправаджальніка абавязкова павінен быць пры сабе дакумент, які пацвярджае права дзіцяці на льготны праезд у цягніку (ч. 3 п. 22 Правілаў). Напрыклад, пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці або яго пашпарт.
Калі дзіця едзе без суправаджэння дарослага, каб унікнуць непаразуменняў, лепш, каб дзіця мела пры сабе копію пасведчання аб нараджэнні або адпаведнай старонкі пашпарта.