УСУ вядуць разлютаваныя баі ў наваколлях Лімана
9- 26.09.2022, 10:32
- 51,638
Актуальная мапа контрнаступу ўкраінскага войска.
Украінскія войскі працягваюць контрнаступальныя аперацыі ў Данецкай вобласці. УСУ вядуць разлютаваныя баі з акупантамі ў наваколлях Лімана.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на звесткі Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Усход: (лінія Ваўчанск-Купянск-Ізюм-Ліман)
Паводле інфармацыі экспэртаў, украінскія сілы паспяхова фарсіравалі раку Аскол на ўсходзе ад Ізюму і, хутчэй за ўсё, узялі пад кантроль населены пункт Маліеўку, які знаходзіцца на адмінмяжы з Данецкай вобласцю.
Украінскія войскі працягваюць весці баі з расейскімі акупантамі пад Карпаўкай, Новым, Рэдкадубам і Новасяргееўкай. У выпадку прасоўвання і вызвалення гэтых тэрыторый украінскія войскі змогуць узяць пазіцыі ворага каля Лімана ў аператыўнае атачэнне.
Данецкая вобласць
Паводле звестак ISW, Узброеныя сілы Украіны маюць поспех на Данецкім кірунку. Украінскім войскам, магчыма, удалося вызваліць населены пункт Шаўчэнка ў Данецкай вобласці. Аднак пацвярджэнняў Генштаба УСУ на гэты момант няма.
Акрамя таго, разлютаваныя баі працягваюцца ля Бахмута. Гэты раён адзін з нямногіх, дзе расейскія войскі спрабуюць наступаць на пазіцыі ўкраінскіх абаронцаў.
Поўдзень
Акупанты пачалі ўжываць новую тактыку з ужываннем іранскіх дронаў-камікадзэ. Актыўна беспілотнікі выкарыстоўваюцца на поўдні - у Адэскай і Херсонскай абласцях. Нягледзячы на гэта УСУ спрабуюць прасоўвацца на паўднёвых рубяжах, знішчаючы пераправы і тылавыя пазіцыі расейскіх войскаў. Дарэчы, за мінулы дзень зноў быў нанесены ўдар па Антонаўскім мосце ў Херсоне.
Пры гэтым паведамляецца, што акупанты маюць намер падцягнуць на поўдзень новыя сілы, якія плануецца сабраць у межах мабілізацыі ў Крыме.
Нагадаем, паводле звестак ISW, кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін не прыклаў ніякіх намаганняў, каб падрыхтаваць насельніцтва Расеі да вайны і мабілізацыі.
Пры гэтым, як сцвярджае брытанская выведка, у рамках мабілізацыі Расея ўжо заклікала некалькі дзясяткаў тысяч чалавек без вайсковага досведу. Пасля мінімальнай падрыхтоўкі іх накіруюць на ўкраінскі фронт.