«Працу маладым складана знайсці, што казаць пра пенсіянерак»
5- 26.09.2022, 10:56
- 4,196
У Беларусі пражыць на адну пенсію нерэальна.
Пінчанка Алена выйшла на пенсію шэсць гадоў таму. Пражыць на адну пенсію, са слоў жанчыны, не рэальна, таму да нядаўняга часу яна працягвала працаваць. Але сёлета арганізацыя ліквідавалася, і жанчына выйшла на «заслужаны адпачынак». І пачала шукаць варыянты падпрацоўкі, піша сайт «Медиа-Полесье».
- Працу ў Пінску і маладым складана знайсці, што казаць пра пенсіянерак, такіх як я. Пагаварыла з сяброўкай і мы ўдваіх пастанавілі папрацаваць у фермераў. Спачатку ездзілі ў Столінскі раён. Нас забіралі на мікрааўтобусе а 6.40 раніцы з Пінска. На поле прыязджалі да 8 раніцы. Усё строга паводле раскладу: 50 хвілін працуеш, 10 хвілін адпачынку, гадзіна абеду. Збіралі капусту, моркву, палолі буякі... Там такія плантацыі, што праца была заўсёды. Рабочы дзень быў да 17.00 гадзін. Плацілі па 30-35 рублёў за дзень. Яшчэ і гародніну з сабой давалі.
- У верасні пайшлі збіраць маліны ў Пінскім раёне. Адзін фермер плаціў фіксаваную «дзёнку»" - 30 рублёў. У другога - плата залежала ад колькасці сабраных ягад. Кіло ён прымаў па 1,5 рубля. У трэцяга - па 2 рублі за кіло. Рабочы дзень з 9 да 17. Часам працавалі і па паўдня.
За дзень збіралі ягад на 25-30 рублёў. Але тут шмат залежыць ад надвор'я. Пасля дажджоў ягад стала больш і заробак у нас таксама вырас. Пару дзён збіралі і на 40 рублёў.
- На месяц працавалі прыблізна 20-22 дні. Выходзіла недзе 500-600 рублёў. Гэта нават больш, чым мая пенсія. На «камуналку на зіму ўжо зарабіла. Цяпер збіраю грошы на новыя боты. Малін яшчэ шмат і да першых замаразкаў праца будзе.